Народнае літаратурнае аб'яднанне “Наддзвінне”

сардэчна вітае Вас!

MENU

Загурская (Міснік) Галіна Пятроўна нарадзілася ў 1945 годзе на Міёршчыне. Па спецыяльнасці настаўнік матэматыкі і фізікі. Друкавалася ў рэспубліканскіх і мясцовых перыядычных выданнях і ў калектыўных зборніках. Аўтар кніг лірыкі “З далоняў сэрца” і “Да зямлі прытуліцца”, а таксама аўтар беларускіх перакладаў вершаў М. Балдоўскага ў кнізе “Из родника... або з крыніцы”. Рэдактар НЛА “Наддзвінне”.

Спіс

выдадзеных кніг члена Віцебскага абласнога аддзялення ГА«СПБ»

Загурскай Галіны Пятроўны

 

Усяго выдадзена кніг- 3

1.”З росаў святаянных”, Мінск, выдавец Хурсік Віктар, 2007 г., тыраж 250 экз.

2. “Да зямлі прытуліцца”, Віцебск, Віцебская абласная друкарня, 2009 г., тыраж 100 экз.

3. “З росаў святаянных”, Віцебск, Віцебская абласная друкарня, 2013 г., тыраж 100 экз.

 

Удзел у калектыўных зборніках:

  1. «Душа – звонница», Полацк, издатель А. И. Судник,2006г., тираж 124 экз.
  2.  Альманах «Наддзвінне», Віцебск, Віцебская абл. друкарня, 2006г., 200 экз.
  3. “Вытокі”, з серыі “Літаратурнае Наддзвінне”, Полацк, выд. А. І. Суднік, 2007г., тыр.235 экз.
  4. “Па быстрыні”, з серыі “Літаратурнае Наддзвінне”, Полацк, выд. А. І. Суднік, 2008г. , тыр. 122 экз
  5. Альманах “Наддзвінне”, Віцебск, Віцебская абл. друкарня, 2009г., тыр. 224 экз.
  6. “Свята назаўжды”, Полацк, Полацкае кніжнае выдавецтва, 2009г., тыр. 250 экз.
  7. Альманах “Дзвіна”, Віцебск, Віцебская абл. друкарня, 2009г., тыр. 500 экз.
  8. “І песня хвалямі плыве…”, З. Лёціна, зборнік песні, Мінск, “Чатыры чвэрці”, 2009г., тыр. 200 экз.
  9.  “Гулкая плынь”, з серыі “Літаратурнае Наддзвінне”, Полацк, Полацкае кніжнае выдавецтва, 2010г., тыр. 200 экз.
  10. “Полоцкие писатели”, ,Полоцк, Полоцкое книжное издательство, 2010г., тыр. 70 экз.
  11. “Паэзія 2010”-1, Мінск, “Смэлтак”, 2010г., 200 экз.
  12. “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы”, Мінск, “Літаратура і мастацтва”, 2010г., тыр. 1500 экз.
  13. Альманах “Наддзвінне”, Полацк, Полацкае кніжнае выдавецтва, 2010г., тыраж 200 экз.
  14. “Наддзвінне: ад пачатку да сёння”, В. Карасёў, Полацк, Полацкае кніжнае выдавецтва, 2012г.. тыр. 150 экз.
  15. Альманах “Наддзвінне”, Віцебск, Віцебская абласная друкарня, 2013г., тыр. 50 экз.
  16. «Я не мыслю себя без России», Санкт-Петербург, «Политехника-сервис», 2014г., тыр.300 экз.

З росаў святаянных

 

Паводле беларускай міфалогіі

 

 

Абворванне

 

Абворванне – правядзенне вакол вёскі магічнай баразны, якая, паводле павер’яў, запыняла пашырэнне эпідэмій.

Л. Дучыц

 

Пасля магічнага малення

Апоўначы ці прад зарой

Жанчыны скідвалі адзенне

Ды абмываліся расой.

 

І распускалі цёплым ліўнем

Свае даўгія валасы…

Магчыма, быў абрад наіўным,

Ды многа ў ім было красы.

 

Каб селішча мінулі беды,

Вакол – замкнёнай баразной –

Яго абводзілі кабеты,

Пастаўшы разам прад сахой.

 

Ішлі яны ў таемнай цішы,

Дзе дрэўца кожнае, як мніх,

І верылі, што Нехта звышай

Аберажэ сяленне іх.

 

І столькі ў іх было напругі,

Што лёгка ўслед ішла саха:

Ліхое аддзялялі кругам

І дзень наступны – ад граха.

 

Пакуль зары няма над лугам,

Спяшылі ў луг, у роскаш траў,

Каб змыць вялізную напругу,

Пакуль дзень новы не настаў…

Бай

 

Калісь свет яшчэ толькі зачынаўся, дык нічога нідзе

не было. Усюды стаяла мёртвая вада…

           З беларускага этнаграфічнага міфа

 

Бязмежжа… Зорак рой блішчэў,

Вада – і ўсё – на цэлым свеце.

І камень з той вады тырчэў

На безжыццёвае планеце.

У камень часам біў пярун...

Аднойчы выбіў тры ён іскры –

Ад іх узнік вакол тайфун,

Ажно шалелі ўсюды віхры.

А як аціхла – над вадой

Прыгожа паднялася суша.

Вякі прабеглі чарадой…

Жыццё пайшло тут: лес і пушча,

Узніклі рыбы ў стужках рэк,

Звяры ў лясах, у небе птушкі,

З’явіўся ўрэшце чалавек –

Зачаў ён этнас беларускі.

Наш першародзіч зваўся – Бай

І меў сыноў ад многіх жонак,

Асвойваў з імі дзікі край,

І быў вялікім род ягоны.

Меў князь разумных двух сабак,

Прыгожа зваў іх – Стаўры й Гаўры.

Быў ён асілкам – не слабак –

І здзейсніў тое, аб чым марыў.

Ды час бязлітасна сышоў –

Пара і свет пакінуць гэты.

Бай надзяліў сваіх сыноў

Усім, што меў, і запаведаў,

Каб Белаполь, малодшы сын,

Займеў у спадчыну абшары,

Што абягуць за дзень адзін

Яго сабакі Стаўры й Гаўры.

Малодшы птушак дзвюх сівых

Злавіў і адпусціў на волю,

Сабакаў нацкаваў на іх –

Каб беглі ўслед як мага болей.

А птушкі тыя з двух бакоў:

Ад мораў з захаду і з поўдня –

Да іх ляцелі берагоў,

Імкнучыся ў куточак родны.

Ляцелі так, нібыта ім

Хтось наказаў аб гэтым строга.

Сабакі борзда след вялі –

Зямлі абеглі досыць многа.

Па іх слядах Дняпро, Дзвіна

З тых пор цякуць у розны моры.

Народ жыве між іх здаўна…

З венедаў мы – глядзім на зоры.

 

 

Вупыр

 

Славяне “требоу кладуть…

оупиремъ и берегинюмь.”

   З пісьмовай крыніцы XV ст.

 

Ліе ў ноч месяц серабром,

І на кладах зарослых ціха…

Ды раптам могілка гарбом

Палезла ўверх – ой, што за ліха?!

 

З труны нябожчык устае –

Няўжо гніенне не кранула?!.

Усё вупыра выдае:

Чырвоныя – і рот, і скулы.

 

Крыві нямала выпіў ён

З ахвяр сваіх страшэнным джалам.

І ў серабры начы відзён

Драпежны бляск вачэй запалых.

 

…Ахвяру новую шукаць

Ляціць вупыр у светлай ночы.

Вампіра можна ашукаць,

Калі набрацца духу моцы:

 

Забалбатаць, загаварыць,

Пакуль не заспявае певень.

Вупыр на клады не зляціць –

Сысці да пеўня гад павінен.

 

Ён будзе мёртвым пэўны час:

І тут загнаць патрэбна ў грудзі

Вампіру кол з асіны ўраз, –

Так уяўляюць гэта людзі.

 

 

Жанчына

 

Жанчыны былі “гаспадынямі”  зямлі – яе вонкавага

і нутранога (уключаючы падземны) свету.

                  Т. А. Бернштам

 

Жанчынаю жыццё радніцца…

Ды часам можна падзівіцца:

Як дзень і ноч, агонь-вада,

Дабро і зло, як смех-нуда,

Жанчына з нейкае прычыны

Супрацьпастаўлена мужчыну.

І лічыцца, што шлях к бядзе

Праз першы грэх яе ідзе.

У ёй жыццё, у ёй і смерць:

Мужчыну лепей не глядзець

У бок яе – інакш не ўродзіць –

Калі ён сеяць адыходзіць…

Сцвярджае многа забабонаў:

Яна вядзе заўжды да ўрону!..

 

Сакральнасць усяму віной,

Далучанасць к любві зямной.

Магічнасць ведаў, архаічнасць,

Загадкавасць і паэтычнасць.

Зямлі падобна лепатой,

Ім нараджаць – і той, і той,

І аб патомстве клапаціцца…

Жанчынаю жыццё радніцца.

 

Жыцень

 

Барджэй да Жытня, калі ў

засеку хлеба не прытне.

                          Прымаўка

 

Калі ўжо туманы блукаюць над нівай,

Дзе сумна іржэўнікі ў неба глядзяць,

Бог восені – Жыцень, старэнькі, гуллівы,

Абходзіць гароды, палі, сенажаць…

 

Акіне праніклівым позіркам поле,

Дзе рэшткі блукаюць начное смугі:

Як знойдзе нязжатае збожжа, то з болем

Збірае калоссе ў снапочак тугі.

 

А потым адносіць на жніўнік рупліва,

Дзе добра прыбрана – парадак ва ўсім,

Каб ў годзе наступным ён быў урадлівым,

Аўсы каб прыгожа буялі на ім.

 

А там, дзе сабраў Жыцень тое калоссе,

Не ўродзяць налета пшаніца, жыты –

Таму збажыну так збіраць павялося,

Каб быў задаволены Жыцень святы.

 

Як сеюць азіміну восенню ў полі,

Нябачна за сейбітам Жыцень ідзе,

Хаваючы зерне ў раллю на прыволлі –

Аб добрых усходах свой клопат вядзе.

 

Ён можа сялян аб бядзе папярэдзіць:

Ідзе заліўны ці засушлівы год –

Начэпіць жабрацкую торбу і ходзіць:

Загляне ў акно, забрыдзе ў агарод…

 

Штогод ходзіць Жыцень па ніве рупліва

І дбае аб тым, каб жыты прараслі,

Каб год быў наступны багатым, шчаслівым, –

Ён добры спадар на асенняй зямлі.

 

Каза

 

Стварыў Бог розныя істоты:

Каня, авечку, бегемота,

Зляпіць задумаў чалавека…

А чорт, зайздрослівы ад веку,

На зло рашыў зляпіць употай

Сваю дзівосную істоту.

Каб ад другіх жывёл адрознай

Была яна, чорт выгляд грозны

Прыдаў казе, дабавіў рогі –

З сябе чорт браў ўсяго патрохі.

І вось – стаіць каза нямая

І, як насмешка, – нежывая…

Ды Бог тут зжаліўся над ёю

І надзяліў яе душою.

 

З тых пор каза – сяброўка наша,

І выгляд ейны нас не страшыць.

Характар у яе юрлівы,

І вольналюбны, і дурлівы:

З капытных хто ж у гэтым свеце

На дрэва лезе есці вецце?!

Хоць гэта дрэва і з нахілам,

Ды не палезе палахлівы.

Каза – і сімвал дабрабыту,

І лечыць ад хвароб нібыта.

Яе і на Каляды водзяць…

Дзе папасецца – жыта родзіць…

Каза – жывёліна шчэ тая:

Завуць ў народзе – залатая.

 

 

Кнігаўка

(каня)

 

Яна так жаласліва просіць

У дзень пагодны “піць-і-піць” –

Здаецца, птушачка галосіць,

Ад смагі пёркамі трымціць.

Стварэнне дзіўнае прыроды –

Лугоў жыхарка ды балот…

Прыдумаў розныя прыгоды

Для сціплай кнігаўкі народ.

 

…Калісьці Бог з хаоса ў свеце

Зямлю і мора сатварыў:

Пачысціць мора ён намеціў –

Аб гэтым птушак папрасіў.

 

Старанна птушкі працавалі.

Бо гэта ж мора – Божы цуд!

Збіралі гразь і адляталі,

Выносячы за пудам пуд.

 

І каня з птушкамі лятала –

Збірала з мора розны хлуд.

Сарока ж побач стракатала

І знемагала ад пакут.

 

Заўвагу ёй зрабіла каня,

А тая з норавам была

І, не прыняўшы наракання,

Паклёп на кнігаўку ўзвяла.

 

Хлусні нагаварыла Богу –

І Божа каню пакараў:

Вады дазволіў піць патроху –

І толькі росы з лісцяў, траў.

 

А як няма на лузе росаў,

І дождж на тыдзень-два заціх,

Лятае каня – слёзна просіць

Расінку-кроплю ў траў сухіх.

 

Калі мы чуем днём пагодным,

Як просіць каня "піць-і-піць",

Усё здаецца верагодным, –

Душа спагадліва баліць…

 

Лазня

 

У лазні пасля людзей

кажан раз чэрці мыюцца.

      З народнага павер’я

 

Стаіць яна наўзбоч сялібы,

Людзьмі забытая цяпер,

І пазірае змрочнай шыбай

На хмызнякі і на аер.

 

Калісьці мыліся тут людзі:

Пахвошчацца – нырца ў ставок,

Жаночыя бялелі грудзі

Тут у суботні вечарок.

Ну а зімой – купанне ў снезе,

Вясёла месяц паглядаў…

Цяпер сляза на шыбу лезе,

Што незваротна час прапаў.

Служыла лазня й іншым мэтам:

Прыняць народзіны дзіця;

Наладзіць сувязь з іншасветам

Таму, хто ў стоме ад жыцця.

Ці насланнё нячыстай сілы

Хацеў хто іншаму паслаць,

Ці дзеўка – пагадаць аб мілым, –

То беглі ў лазню чараваць.

О, колькі тут людзей грашыла! –

На скрутку дзён стагоддзя пыл.

І колькі лазня перамыла

Пасля людзей чарцячых рыл!..

 

У думках лазні, як пытальнік,

Стаіць-трывожыцца ўспамін…

Задумаўся й чарцёнак-лазнік:

Зляцець, мо, да каго ў… камін?

 

 

 

Пакроў

 

Прыйшлі Пакровы,

пытаюць, ці да зімы гатовы.

                           Прыказка

 

Лісцё пажухлае пакрыла

Ужо стамлёную зямлю,

Апошні вырай шле з-пад крылаў

Ёй развітальнае "люблю".

Сумуюць у хлявах каровы,

А па начах ім сніцца луг,

Пахучы, росны, каляровы.

Каню, што ў стойле, сніцца плуг,

Хаця зямлю чапаць не трэба –

Да Благавешчання ёй спаць:

У сне глыбокім будзе глеба

Пад снежным покрывам ляжаць.

Усё да зіміцы гатова:

Прыбрана ў полі і ў садах,

У кроснах зладжана аснова,

І будуць ткаць па вечарах

Жанкі прыгожыя абрусы,

Палавікі на чвэрць вярсты…

Вяселлі зладзяць беларусы,

Аб чым замовілі сваты…

Пакроў – і свята хрысціянаў,

І покрыва самой зямлі,

І навалач сівых туманаў

На азалелае раллі.

Чакаць ёй доўга летніх росаў

У прадчуваннях зімніх сноў…

А Багародзіца з нябёсаў

Ўсяму жывому шле пакроў.

 

 

 

      Раса

 

Раса – божая краса.

                                З народнага

 

Як амыюць травы юр’еўскія росы,

Уплятуць алмазы ў беразовы косы,

Пасвіць трэба статак па расе чароўнай,

Бо раса на Юр’е робіцца ахоўнай.

 

Калі ж хоча дзеўка вызнаць сваю долю,

Трэба ёй купацца на расяным полі:

На святога Яна тройчы там амыцца –

І тады прарочы дзіва-сон сасніцца.

 

Ведзьмы сабіраюць росы на Купалле,

Вараць у гаршчэчку на кастры і паляць

Найчасцей асіну – дрэва, што праклята, –

Каб займець магчымасць паляцець на свята.

 

На гары на Лысай ведзьмы ўсёга свету

Шабаш свой спраўляюць на вяршыні лета.

А каб выкрыць ведзьму, росы трэба стрэсці:

Бо наступіць ведзьма, – не кранецца з месца.

 

Магіі паўнютка ў той расе мядзвянай,

Юр’еўскай, штодзённай, больш – у святаяннай:

Магіі ахоўнай, магіі прарочай,

Магіі любоўнай у чароўнай ночы…

 

 

 

Галіна Загурская

 

“Што прыйдзе, благаслаўляю...”

 

З Небам сам-насам

 

Варты жалю зямныя памкненні –

Так здараецца думаць нам часам.

Наплываюць павевы-сумненні,

Пакідаючы з Небам сам-насам.

 

А яно сапраўды пацвярджае,

Што для шчасця малога б хапіла,

І наш дух над зямным узвышае,

Даючы і надзею, і сілу.

 

Песня не змоўкла…

Максіму Багдановічу

 

Ялта: ласкавае мора,

Мройны загадкавы свет,

Побач прыгожыя горы –

Тут аджурыўся паэт.

 

Тут ён глядзеў на Венеру –

Словы зляталі ў раманс...

Жыў ён са светлаю верай,

Гэтак жа светла пагас.

 

Тут сумаваў і прарочыў

Долю краіне сваёй...

Песня не змоўкла і крочыць

Кожнай сцягой лугавой.

 

Кліча яна да вышыняў –

У неаглядны сусвет,

Дзе сярод велічных плыняў

Зоркай блукае паэт.

 

* * *

 

Не буду жаліцца ніколі,

Калі пакрыўдзяць, абыдуць...

Няхаў сабе іржышча коле

І хмары чорныя плывуць.

 

Жыве душа мая на строме

І абуджае ўзмах крыла,

Удзячна ловіць кожны промень –

І дастаткова ёй святла.

 

Ну як жа можна ёй не помніць,

Шчыруючы ў начы і днём:

За кожнай навалаччу цёмнай

Заўжды святлее за вакном.

 

Жыццё

Паводле Саламона

 

Пакладзена пячатка

На кожнае жыццё –

Ад самага пачатку

Пад ёй надзей лісцё...

Забудуцца імёны,

Калі мы адляцім

У часе заімглёным,

Бо мы – імгненні ў ім,

Ці след ад аблачыны,

Што па зямлі ідзе.

Прыйшлі мы без прычыны

І знікнем у ”нідзе”,

Рассеемся ў Сусвеце,

Як ранішні туман...

А мо й жыццё на свеце –

Найбольшы ў ім падман?..

 

Жанчына-таямніца

Маці Любові Андрэеўне

 

О як загадкава жанчына!..

Ёй дадзена спрадвеку ў лёс

Прадбачанне, і прадчуванне,

І мудрасць тайная нябёс.

Аберагальніцаю роду

Яна заўжды была і ёсць:

У ёй таемнасць ад прыроды,

Ад чараўніцтва нават штось.

Ў жыцці яе прыкмет сузор'е

Вядзе няспынны карагод:

Па іх прадкажа нам надвор'е,

Бяды чакаць а мо прыгод...

А то й замову пачытае

Ад рожы ці сурокаў тых,

Што вока злое насылае...

А колькі слоўцаў залатых,

Якімі чыніць раўнавагу,

І гоніць навалач бяды!..

Жанчына, маючы адвагу, –

Жыцця ахоўніца заўжды.

 

 

* * *

 

Варажбіткі і не трэба –

Долю ведаю сама:

Ткалі мне яе пад небам

Лета, восень ці зіма...

 

Ткалі з вечнае любові

Да зямлі і вышыні,

З неад'емнай прагі волі

І з удумнай цішыні.

 

На калдобы паказалі

Той дарогі, дзе ісці,

Толькі як ні шчыравалі–

Не змагла я абысці...

 

Што было – не адмаўляю,

У благім – свая віна.

Што прыйдзе, благаслаўляю –

Да апошняга звяна.

 

У спякотны дзень

 

Хмель хістаецца сонны

Пад спякотаю дня.

Прымарыўся сасоннік,

Нават мох каля пня.

 

Нахіліўся нат колас

З васільком на мяжу –

І бязмоўна, не ў голас,

Просяць з высяў дажджу.

 

...Як падслухаў, – з размаху

Ён у бубен забіў

Па дарозе, па даху,

Зашумеў сярод ніў.

 

Заспявала ваколле

Пад гарэзай-дажджом,

І вясёлкі паўкола

Легла прама на дом.

 

Слязінак сляды

 

У лесе асеннім ледзь чутна

Злятае ў дрымоце лісцё.

Празрыста вакол і магутна,

А думкі бягуць пра жыццё.

 

Настаў, пэўна, час для прызнання,

Што многае ў небыць сплыло...

Час роспачы і пакаяння:

Нямала памылак было...

 

Іду па ледзь бачнай сцяжыне,

Іду я цяпер, як тады...

Ужо і не коле ажына,

На твары ж – слязінак сляды.

 

Пад белаю поўняй

 

Ноч серабрыцца пад поўняю белай,

Што сярод воблакаў сумна плыве.

Восень празрыстая стала ўжо спелай

І на свае раздарожжы заве.

 

Як надалей ад таго, што трывожыць,

Як надалей ад усіх і ўсяго...

Думкі ж пакутныя вяжуць-трыножаць:

Многа сабрана прад Небам даўгоў.

 

Ты не хвалюй мяне, белая поўня!

Лепш мы напішам з табой палатно,

Дзе цёплых фарбаў у восені поўна, –

Будзь жа са мною хоць ты заадно.

 

Руку працягваю адчайна...

 

Была калісьці тут сяліба,

Цяпер зарослы мохам сад.

Няўжо насамрэч, а не хібна,

Страчае хіжы заняпад?

 

І паплавы, як быццам стэпы,

Магутнай зараслі травой:

Тут чалавек даўно не тэпаў

І не кранаў яе касой.

 

Усюды дзікасць, занядбанне,

І той сцяжынкі не знайсці,

Якою бегла на спатканне

Ля чоўна ў сцішаным трысці.

 

Усё да болю незвычайна.

А можа, іншая сама?..

Руку працягваю адчайна

К таму, чаго даўно няма.

 

 

Сделать бесплатный сайт с uCoz