Народнае літаратурнае аб'яднанне “Наддзвінне”

сардэчна вітае Вас!

MENU

Іванова (Дземянчонак) Ала Канстанцінаўна нарадзілася ў 1945 годзе ў в. Цвеціна Мі­ёрскага р-на Віцебскай вобласці. Закончыла ў 1965годзе Полацкае медвучылішча па спецы­яльнасці фельчар. Друкавалася ў рэспубліканскіх і мясцовых перыядычных выданнях, у калектыўным зборніку “Па быстрыні” і ў альманаху “Наддзвінне”.

"Зіхоткія росы цалуюць далоні..."

 

 

Прызнанне

 

Туман на світанку над Белаю Руссю,

Як вэлюм бялюткі, на долах клубіцца.

Стаю зачарована – не надзіўлюся

Тваёй прыгажосцю, святая зямліца.

 

Зіхоткія росы цалуюць далоні,

Як толькі кранаю галінку рукою.

Тут поўніцца сэрца ў світальным палоне

Жаданнем спагады, дабра і спакою.

 

Тут ходзяць па сцежках тваіх мае ногі.

З табою мне жыць, працаваць, спачываці,

Сюды мне вяртацца з далёкай дарогі,

Ў любові прызнацца, як роднае маці.

 

Ну як не любіць цябе, маці-Айчына:

Крынічнай вадзіцы, чысцюткай, гаючай,

Матуліных песняў і зор салаўіных,

Гаворкі ласкавай тваёй і пявучай.

 

У Бога прашу я і шчыра малюся,

Каб гэтым нам даў хараством наталіцца.

Каб ціха заўсёды было ў Беларусі –

За гэта усе мы павінны маліцца.

 

 

Даруй мне, Пліса...

 

Даруй ты мне, Пліса,

Што рэдка бываю

І што ненадоўга, –

Калі й завітаю.

Ды часта, бывае:

З вясёлай гамонкай

Ад возера чайкі

І з луга рамонкі

У снах прылятаюць,

Як званыя госці.

Прысніцца сцяжынка

Маёй маладосці...

І позна, і ранкам

Любою дарогай

Спяшалася я

Да людзей з дапамогай.

А стужка ўспамінаў

Ўсё ўецца і ўецца...

З табой мае думкі,

З табой маё сэрца.

 

 

Бэзавы рай

 

Хавалася сонейка за небакрай,

Каб зноў адпачыць да світання,

А мы з табой крочылі ў бэзавы рай,

У рай трапяткога кахання.

 

У лозах зарэчных салоўка спяваў,

Ад водару бэзу хмялелі галовы,

Мяне па-юначаму ты цалаваў

І шчыра шаптаў запаветныя словы.

 

 

Пачатак лета

 

Буяюць травы каля рэчкі –

Вакол такое хараство!

І сосны запалілі свечкі,

Нібы ў царкве на Ражаство.

 

Вясна пакуль што карагодзіць,

З салоўкам песціцца ўначы.

Ды ўсё ж паціху адыходзіць

І лету аддае ключы.

Дзе ён, рыцар адзіны?

 

Пагуляла ліхая завея

Ды зляцела кудысь за лясы,

Не пакінуўшы нават надзеі,

Пабяліўшы мае валасы.

 

А пакінула толькі ўспаміны –

Ды і тыя нібы ў тумане –

І пытанне: "Ці прыйдзе адзіны,

Той адзіны, што не падмане?"

 

Дзе ён, рыцар найлепшы у свеце,

Што даспехі аднойчы складзе?

Дзесьці ходзіць яшчэ па планеце,

Да мяне толькі ўсё не ідзе.

 

Дзе дарога адметная гэта,

Здагадацца ніяк не магу.

Мая лепшая песня не спета –

Для яго я яе берагу.

 

 

  Успамін

 

Успыхнуўшы, нібы зарніца,

Сняжынкаю растаў той вечар,

А мне ён доўга будзе сніцца,

Як наша даўняя сустрэча.

 

Застыў твой голас на марозе,

Сляды занесла колкім снегам,

І ты далёка ўжо ў дарозе...

Далёка так, што нельга збегаць

Мне на спатканне з даўняй марай

Аб шчасці вечным і каханні...

Цягнік зароў, закідаў парай,

Нам абвясціўшы аб расстанні.

 

Я зразумела: немагчыма

Вяртаць імгненні, – толькі ўперад.

Завея стыла прад вачыма

І шамацела, як папера.

 

З тых пор прайшло ўжо многа часу.

Жыццё нічога не вяртае

З майго забытага запасу –

А мне цябе так не хапае...

 

 

Іду пад ціхі зарапад

 

Ці варта ўжо таго чакаць,

Што мо не збудзецца ніколі?

Ці варта лёс свой папракаць,

Што часам быў круты даволі,

 

Калі у свет далёкі вёў

Праз веснавое бездарожжа?..

Вядома, што без каранёў

І дрэва вырасці не можа.

 

Мне ж шлях жыццёвы прадаўжаць

Па доўгім і пустэльным полі,

І дрэўцы кволыя саджаць

Было наканавана доляй.

 

Ўсё ж вырас на зямлі мой сад,

Былая пустка заквітнела.

Іду пад ціхі зарапад

І восень сустракаю смела.

 

 

Незакончаны раман

 

                Вечарэла, калі я прыехала ў пасёлак, дзе жывуць мая сястра з мужам, каб прыгледзець за іх гаспадаркай, пакуль яны будуць гасціць у дзяцей у Мінску.

                Гаспадарка, якая б яна ні была, патрабуе догляду, а ў ёй, дзякуй Богу, – кароўка і парсючкі, два паляўнічыя сабакі ды куры.

                Муж сястры – заядлы паляўнічы, і сабакі яго – з пашпартамі ды радаводам да нейкага там пакалення. Часам нават у людзей не заўсёды так бывае.

                Але гэтая гісторыя якраз не пра іх.

                Калі пачало цямнець, я пайшла ўсё яшчэ раз агледзець, зачыніць на ноч хляўчук, дзе знаходзіліся куры. Яны і самі вельмі добра ведаюць сваё месца, і звычайна клопатаў з імі не бывае. Калі я падышла да хлеўчука, там была цішыня, і я ўжо сабралася зачыніць дзверцы.

                Было яшчэ не зусім цёмна, так што можна было нават палічыць курэй, але маю ўвагу прыцягнула тое, што ў статку не было пеўня, бо яго немагчыма было не заўважыць. Куры былі звычайныя: рыжыя, белыя. А вось певень быў прыгажун, якога ва ўсім пасёлку, мабыць, не было. На яго так і хацелася глядзець: мажны, стракаты, нібы на яго прырода патраціла ўсе фарбы і ўсе колеры і адценні, а потым хтосьці яшчэ пакрыў яго лакам. А які грэбень! Пад яго цяжарам певень нават неяк злёгку схіляў галаву. Моцныя лапы са шпорамі, здавалася, яшчэ больш надавалі яму важнасці. Спяваў ён таксама лепш за ўсіх пасялковых пеўняў.

                Але зараз яго не было. Гэта не на жарт мяне ўсхвалявала.

                Заўважыўшы маю роспач, суседка, якая праходзіла каля калектыўных хлеўчукоў, расказала, што певень апошнім часам стаў хадзіць ад сваіх курэй у суседні статак і там праводзіць цэлыя дні. "Гэта тут, за вуглом, у суседнім радзе грамадскіх хлявоў," – дадала яна.

                Я адразу ж накіравалася туды.

                Падышоўшы бліжэй, убачыла нашага пеўня. Куры ў гэтым статку яшчэ толькі збіраліся да хлеўчука, але па ўсім было бачна, што наш прыгажун не збіраўся да сваіх родных курак.

                Паціху я адлучыла яго ад чужога статка і пагнала перад сабой. Гэта трэба было бачыць: певень ішоў неяк ненатуральна, няўклюдна тупаючы, высока падымаючы лапы, быццам абуты быў у чаравікі на высокіх абцасах.

                Час ад часу ён паварочваўся да мяне, станавіўся ў позу, падобную да той, якую прымае оперны артыст падчас выканання арыі, і нешта выкрыкваў. І калі б гэтыя пакутлівыя гукі можна было перавесці на чалавечую мову, то атрымаўся б, пэўна, такі маналог: "Зразумей ты мяне. Хоць я і ведаю, што павінен вадзіць свой статак і несці за яго адказнасць, ну не патрэбны мне гэтыя квахтухі. Ну падабаецца мне тая прыгожанькая курачка! Ці ж я не маю права пакахаць?" Пры гэтым ён падымаў галаву ўгору, закаціўшы вочы, быццам прасіў у неба заступніцтва. Выказаўшы такім чынам свае петушыныя пачуцці, ён зноў прадаўжаў ісці перада мной у накірунку да свайго хлеўчука.

                Падыходзячы да свайго статка, певень пачаў неяк насцярожвацца. Чым бліжэй да дзвярэй, тым больш ён сцішваў хаду і прыбліжаўся ўжо зусім крадучыся, увайшоў у хляўчук ён ціхенька і амаль зусім непрыкметна. Да гэтага ж ужо зусім сцямнела. Але што там пачалося! Узняўся такі лямант: некаторыя куры нешта бубнілі, другія ж нешта выкрыквалі. Адным словам, –  як на вясковым сходзе. Паводзіны пеўня разбіралі і асуджалі не на жарт.

                Так працягвалася некалькі хвілін. Паступова ўсё заціхла, і я пайшла ў кватэру.

                Назаўтра певень з самага ранку зноў пакінуў свой "гарэм" і пашыбаваў, не хаваючыся, у той другі статак, адкуль яго адлучылі вечарам.

                Самае цікавае (гэта было ўжо заўважана нават суседзямі), певень праводзіў цэлыя дні ў чужым статку каля адной курачкі, і кожны вечар яго даводзілася амаль сілком вяртаць дадому.

                …Наступная мая паездка да родных адбылася праз даволі працяглы час – дзесьці напрыканцы лета. Я адразу ж пайшла дапамагаць па гаспадарчых справах. Праходзячы міма таго дворыка, куды вясной заляцаўся наш певень да малодкі-курачкі, адразу ж заўважыла цэлы вывадак куранят. Кемлівая гаспадыня, відаць для цікавасці, сабрала яйкі той закаханай курачкі ды і паклала пад квахтуху. Прыплод атрымаўся, канешне, пародзісты: стракатыя, дзябёленькія кураняты,  курачкі і пеўнікі, вельмі адрозніваліся ад таго бялёсага статка ды і яго пеўня, нейкага малога, нягеглага. Некаторыя пеўнікі ўжо добра набылі абрысы "мужчынскага полу", нават спрабавалі свае галасы, праўда, атрымлівалася яшчэ неяк хрыплавата, але ўжо адчуваўся "талент".

                А што сталася з закаханым пеўнем? Ды яго проста зачынілі разам са сваімі курамі ў вальеры ў сваім двары за высокай агароджай, каб не рабілі шкоды, аж пакуль не будзе сабраны ураджай з агародаў... Мне думаецца, што петушыны раман прадоўжыцца... Хто ведае... Хто ведае...

 

 

 

Ала Іванова

 

“І праз гады ляцелі зноў пялёсткі...”

 

Бацькоўскія яблыкі

 

Кабета яблыкамі гандлявала,

За іх прасіла не занадта шмат,

А я ў чарзе задумліва стаяла,

Прыпамінаючы бацькоўскі сад.

 

І праз гады ляцелі зноў пялёсткі

З той кожнай незабыўнае вясны,

Калі квітнеў наш сад на ўскрайку вёскі,

Ператварыўшы двор у рай зямны.

 

Нібыта ў дзень вясельны на выданні

Дзяўчаты роднае маёй зямлі,

У белым лёгкім веснавым убранні

Перад вачыма яблыні цвілі,

 

А потым у далонях цёплых лета

Люлялі кожны яблычак штодня,

І слодыччу налітыя ранеты

Ішла пакаштаваць уся радня.

 

Любіў гатункі восеньскія тата:

Антонаўкі і штрыфелі вадзіў,

Насіў ён яблыкі ў кашах у хату

Ды ў горад часам прадаваць вазіў.

 

Даўно мінулі ўжо часіны тыя,

А мне здалося, бачу наяву:

Ад сонца ананасы залатыя

Спадаюць у зялёную траву.

 

Я ў сумку яблыкі чужыя клала,

І грошы ўжо ў кабецінай руцэ,

Мне ж яблыкаў бацькоўскіх не хапала –

І пацякла слязінка па шчацэ...

 

Настальгія

 

Шуміць, гудзе вялізны горад,

Усюды – стомленыя твары.

Штодня прасуюць тратуары

Натоўпы, што як хвалі ў моры.

Мне хочацца адсюль на волю:

Прыпасці да жывой крыніцы,

І водар удыхаць жывіцы,

Ды зноў збіраць рамонкі ў полі;

Туды, дзе цэрквы і касцёлы

Бялеюць чысцінёй святою,

Дзе з палыновага настою

Вятрыска хмельны і вясёлы

Насвіствае ўсім травам скерца;

Туды, дзе родныя прасторы

Без лекаў сцішаць боль і гора,

Ад стомы уратуюць сэрца.

 

Ля цяпельца зары

Алесю Жыгунову

пад уражаннем ад яго вершаў

са зборніка паэзіі “Ля цяпельца зары”

 

Ідучы па жыцці свае мроі люляла

Аб пачуццях узвышаных з даўняй пары,

Неспадзеўна я вашай паклонніцай стала,

Калі стрэла я вас ля цяпельца зары.

 

Вашы вершы чытаючы, ў думках блукала

Па лугах прыазёрных і ў ціхім бары,

І, ніколі не бачыўшы, вас цалавала

З удзячнасцю шчырай ля цяпельца зары.

 

Дзе ад спёкі слязінкай сцякае жывіца,

Мёд ліпнёвы дзе гоняць ужо пчаляры,

Дзе высокае слова заве прыпыніцца –

Каб гаворку павесці ля цяпельца зары.

 

Час прыспешвае – восень да сэрцаў крадзецца,

Халадамі дыхнуўшы на нашы двары...

Як жа добра, што можна душою сагрэцца

Ад паэзіі вашай – і цяпельца зары.

 

Мне часта сніцца...

 

Мне часта сніцца сцежка ў жыце,

І мы з табой ідзем па ёй.

Калі зямлю пакінуць душы,

Мы самі прарасцём травой,

Валошкамі, зялёным лісцем,

Калоссем жытнім у палях...

Як мы ў сваю пару калісьці,

Нашчадкі пракладуць свой шлях

У непазнаны свет чароўны,

Каб лёс шчасліва будаваць,

А нашы душы усёроўна

Жыццё іх будуць вартаваць.

 

Святло бацькоўскага вакна

 

Мінула ўжо даўно мая вясна,

Дзе я цвіла калісь, нібы каліна,

Але святло бацькоўскага вакна

Пакінула надоўга успаміны

І грэла мне самотную душу,

І па жыцці ўвесь час ішло са мною.

Я і цяпер яго ў душы нашу,

Змагаючыся з крыўдай і маною.

Яно – праменьчык на маім шляху,

Крыніца дабрыні маёй, спагады,

Даверлівасць з наіўнасцю крыху –

Усё адтуль, з бацькоўскай роднай хаты.

 

Сямейны альбом

 

Калі закралася ў душу самота,

А прыпаміны не даюць спакою,

Альбом сямейны са старымі фота

Няхай заўсёды будзе пад рукою.

 

Гартаючы мінулага старонкі,

Вяртайцеся ў гаючыя мясціны,

Дзе, абдымаючы рабіны гронкі,

На вас зірне ранейшая дзяўчына.

 

У майскай квецені старая хата,

Над веснічкамі бэзу куст схіліўся,

Пад ім стаяць старыя маці, тата,

І здасца: на імгненне час спыніўся.

 

Ужо і нас змяняюць дзеці, ўнукі –

Усё ў жыцці мяняецца няўмольна,

Але, узяўшы фотакарткі ў рукі,

Разгледзьце іх уважліва, павольна.

 

Сустрэньцеся з бацькамі і дзядамі:

На сэрцы пацяплее, знікне стома.

Жывая сувязь з даўнімі гадамі –

Старэнькія сямейныя альбомы.

 

Дзьмухаўцы

 

Жоўтым морам, аблашчаным сонцам,

Дзьмухаўцамі квітнелі лугі.

Там здавалася шчасце бясконцым,

Дзе са мною быў мой дарагі.

 

Хутка ўсё адцвіло, пабялела,

Лёгкі пух з часам вецер разнёс.

Шмат чаго адышло, адбалела,

Бо не зменіш прызначаны лёс.

 

Толькі быццам пяшчотная замець

З той далёкай наіўнай вясны

Дзьмухаўцы ў маю сталую памяць

Зноў ляцяць праз трывожныя сны.

 

 

“Думак летуценных карагод”

 

Я – беларуска

 

Наканавана мне было

Тут беларускай нарадзіцца

І сузіраць зары святло,

І піць з чысцюткае крыніцы.

 

А сінь вачэй маіх – з азёр,

Бялюткі твар – ад ранніх росаў,

А вершы мне даюць прастор

І цішыня рачная плёсаў.

 

А як дзяўчынкай я была,

Касу льняную заплятала

І ў карагодзе ля сяла

Я песні родныя спявала.

 

Мне з Белай Руссю разам йсці,

Сваёй зямлёю ганарыцца,

За ўсё, што стрэлася ў жыцці,

Удзячна я табе, зямліца.

 

Мая маленькая радзіма

 

Гады знікаюць недзе за плячыма,

Штось забываецца, бо час ідзе,

Але мая маленькая радзіма

У радасці са мною і ў бядзе.

 

З чаго мая радзіма пачалася?

З бацькоўскай хаты, дзе мы ўсе раслі,

З сядзібы, што далёка засталася,

Ды з роднае і шчодрае зямлі;

 

З той рэчкі ціхай вузенькай Ауты,

З гасцінца, што ў далёкі свет нас вёў:

Тады ён быў у гравій апрануты

І пралягаў між вёсак і гаёў.

 

З вясковай школы дзе цяпер дзяўчаты –

Сяброўкі з незабыўных тых гадоў?

Усе зляцелі, нібы птушаняты,

Каб жыць у лабірынце гарадоў.

 

Няма і першага таго кахання,

Што знёс няўмольны хуткаплынны час –

Туды няма ўжо больш для нас вяртання,

Бо лёс круты не вельмі песціў нас…

 

Жыццё бяжыць – яно, як дзень адзіны,

Якім нам трэба даражыць усім.

А ты, мая маленькая радзіма,

Заўсёды ў сэрцы будзеш жыць маім.

 

***

 

Сыходзіць у нябыт

наш кожны дзень жыцця,

Дзе з прыцемкамі гарызонт мяжуе.

Перажыванняў тлум

і ўзнёсласць пачуцця –

Апошні міг ураз усё скрыжуе.

А покуль думак

летуценных карагод

Шчыруе ў галаве і днём, і ноччу.

Ці здзейсняцца, ці не?..

Ды ўжо каторы год

Да фінішу за імі следам крочу.

 

Полацкая вясна

 

Каля Кургана Славы ціхім ясным ранкам

Прыгрэлася пад сонейкам сасна.

Чаромхі белыя квітнеюць над Бяльчанкай –

У старажытным Полацку – вясна!

 

У кожным дворыку яна шчыруе зноўку,

У кожнай хвалі дзвінскае вады,

Расквеціла Кароўнікі, Грамы і Ноўку –

Пакрыла белым вэлюмам сады.

 

У пышнай квецені каштанаў, гронках бэзу

Памаладзеў ты, бацька гарадоў.

Спявае гімны цёплы вецярок-гарэза

У гонар мудрасці тваіх гадоў.

 

Ад скрыжавання вуліц праз усё наддзвінне

Імчыць кудысьці ўдалеч Чарадзей.

Свой крыж трымаючы, святая Еўфрасіння

Зноў моліць Бога за спакой людзей...

 

Навек вярнуўшыся у родныя мясціны,

З цікаўнасцю і мудрасцю ў вачах

З гранітнай вышыні глядзіць Францыск Скарына,

Благаслаўляе нас у добры час.

 

Салаўі Беларусі

 

З’язджае хтосьці ўдалеч ад радзімы –

Іх асуджаць я нават не бяруся, –

А для мяне шчаслівыя хвіліны,

Калі жаўрук спявае Беларусі.

 

І ці знайду я чуйнасці – у слове,

Каб выказаць сваё замілаванне,

Калі на шчырай салаўінай мове

Ляцяць удаль мелодыі кахання.

 

Мой край цудоўны, слаўны, салаўіны,

Люблю цябе, табою ганаруся.

Спявайце ж, салаўі маёй краіны,

Маёй любімай маці-Беларусі!

 

 

***

 

Аж да болю сціскаючы скроні,

Перажытае мару забыць,

А яно прада мной на далоні

Зноў разгорнутай кнігай ляжыць.

 

Гэта лёсу дарога крутая,

Што вядзе ад вытокаў-крыніц,

На паўстанкі ўспаміны вяртае,

Не мінаючы ў іх і драбніц.

 

Дні, як лісце, час-вецер зрывае,

Я ж іду – свой адольваю шлях,

Бо жыву, пакуль памяць жывая,

Покуль стукае сэрца ў грудзях.

 

Крышачку пяшчоты…

 

Мая рука ў тваёй далоні,

Са мною шчыры твой пагляд,

Хоць сівізна лягла на скроні

Пасля гадоў чакання, страт…

 

Мы часам чуем злыя рэчы

Ад хцівых зайздрасных людзей,

Што ў позняй гэтакай сустрэчы

Няма ні шанцаў, ні надзей.

 

І ўсё ж, калі нас лёс заўважыў,

То гэтым трэба даражыць.

Няважна, хто там штосьці скажа,

Нам бы яшчэ з табой пажыць!

 

Хаця вось зноў пахаладнела,

Па наваколлі – лістапад,

Мая душа памаладзела –

Са мною ты і твой пагляд.

 

Зляцела я ад адзіноты,

Ў тваім сагрэўшыся цяпле,

Знайшоўшы радасць і пяшчоту

У гэтай восеньскай імгле.

 

Акраверш

Пятру Буганаву

 

Былі ў яго службы цяжкія задачы

У кропках ваенных, крытычных, гарачых.

Глядзеў ён у вочы і смерці не раз,

А чыстае сэрца ў памкненнях юначых

На шлях паэтычны вяло увесь час.

Ад мораў паўднёвых плылі і ляцелі

Высокія крозы і вершы ў начы.

У родны свой край, дзе снягі і мяцелі,

Парыўна не раз ён хацеў уцячы.

Як птушкі вярталіся ў нашы мясціны,

Тады ў сваіх думках ляцеў ён услед.

Радзімы сваёй – даражэйшай, адзінай –

Усю прыгажосць цяпер славіць паэт.

 

***

 

Калі дамоў пасля дарог вярнуся,

Бо не была даўно ўжо ў роднай хаце,

Забыўшыся пра гора, усміхнуся –

Пагутары тады са мною, маці.

 

Мне стане цёпла, добра і шчымліва,

Няхай за вокнамі гудзе завея.

Ніхто мяне не стрэне так рупліва

І так, як ты, суцешыць не сумее…

 

***

Згараюць знічкі на зыходзе лета

Там, дзе стаяць забытыя сады,

Дзе ціха падаюць на дол ранеты…

І думкі зноў вяртаюць нас туды,

Дзе жаўрукамі гаманілі вёсны,

Дзе засталіся лепшыя гады…

А лёс свае тчэ адмыслова кросны:

Аснова – з радасці, уток – з бяды.

 

Равеснікам

 

Гукае восень, што яна ідзе, –

Вятрамі вые па-над намі грозна,

І ад яе не дзецца анідзе,

Як і ў мінулае вяртацца позна:

 

У час, калі пышней цвілі сады,

У час, калі ярчэй свяціла сонца,

А мы яшчэ не ведалі бяды

І думалася: будзе так бясконца…

 

Ад той пары прайшло ўжо шмат гадоў,

І яблыні састарыцца паспелі,

Дачок мы вырасцілі і сыноў.

Ды шмат чаго зрабіць так й не сумелі.

 

О, як жа трэба нам яшчэ паспець

Імгненнямі жыцця налюбавацца:

Ў ім не марнець, душою не старэць

І з марамі даўжэй не расставацца.

 

Дзякуй

 

Дзень пачаўся – і дзякаваць Богу.

Лёсу дзякуй і дзякуй анёлам;

Добрым людзям за іх дапамогу;

Думкам шчырым, руплівым, вясёлым;

Дзякуй роднаму чыстаму небу;

Кожнай чыстай крынічцы гаючай;

Шчодрай ніве, духмянаму хлебу;

Рэчцы, некуды ўдалеч бягучай;

Кожнай кветцы, травіначцы кожнай;

Сэрцу дзякуй за тое, што б’ецца, –

А без гэтага жыць хіба можна?

Гэта ж толькі аднойчы даецца.

 

Твае вочы

 

Я гляджу ў твае добрыя вочы,

Адарвацца ніяк не магу,

І, здаецца, пагляд іх прарочы

Запавольвае час на бягу:

Бо яны мне ўсяляюць надзею

На лагоднейшы лёс мой зямны;

За сабой правядуць праз завею,

Абароняць ад жорсткай маны;

Супакояць самотнае сэрца

І ў памылках не ўгледзяць віны, –

Гэта праўда, зусім не здаецца:

Мне ў жыцці так патрэбны яны.

 

Цвіце шыпшына

 

Па хуткаснай шашы бясконца

Бягуць кудысьці ўдаль машыны,

А на адхоне ў промнях сонца

Квітнее дзікая шыпшына.

 

Вачамі-ружамі красуе

Над прыдарожнаю аблогай.

Тут тэхніка асфальт прасуе, –

Шыпшына ж мусіць дыхаць смогам.

 

Няма спакою днём і ноччу –

Гудзе зямля натужным гудам.

Нам лепш было б да ружаў збочыць,

Палюбавацца гэтым цудам.

 

Ды мы ўсе марым усячасна

Аб нейкіх там адкрыццях генных,

Штурхаючы Зямлю заўчасна

Да катастрофаў тэхнагенных.

 

Яшчэ пакуль цвіце шыпшына,

Як напамін для нас з табою

Аб тым, што берагчы павінны

Мы на Зямлі сваёй … жывое.

 

***

 

Зіма бялюткія прасціны

Накінула на ўвесь прасцяг…

А мне бацькоўскія мясціны

Так часта сняцца па начах.

І хоць нялёгка дабірацца,

Здароўя часам не стае,

Ды пачынаю зноў збірацца –

Жаданне сілы прыдае.

Сделать бесплатный сайт с uCoz