Народнае літаратурнае аб'яднанне “Наддзвінне”

сардэчна вітае Вас!

MENU

Пры газеце “Чырвоная Полаччына” паэты і празаікі, згуртаваўшыся, арганізавалі па ініцыятыве А. Александровіча Полацкую філію сталічнага аб’яднання “Маладняк”. 

Напачатку Полацкую філію ўзначаліў А. Дудар, пасля яго паслядоўна змянялі на гэтай пасадзе А. Звонак, В. Сянкевіч,    С. Хурсік, Т. Хадкевіч.

Першае пасяджэнне філіі адбылося 17.03.1925 года на базе студыі пры Полацкім педтэхнікуме. У розны час у філію ўваходзілі вядомыя зараз літаратары: А. Александ­ро­віч, П. Броўка,         В. Маракоў, Я. Скрыган, С. Сямашка і інш.

У лістападзе 1926 года выйшаў першы нумар альманаха “Наддзвінне”, які стаў літаратурнай візіткай полацкага “Ма­ладняка” і які даў назву ўзноўленаму пасляваеннаму згуртаванню полацкіх літаратараў. У першым нумары альманаха былі на­дру­каваны паэма А. Александровіча “На мяжы”, першыя вершы Петруся Броўкі, творы Тараса Хадкевіча і Сымона Хурсіка. У гэтым жа нумары з’явіліся першыя два вершы паэта і празаіка Яна Скрыгана, верш паэта-пачаткоўца, нашага земляка, Мі­калая Сямашкі (“Люблю свой край”) і паэтычныя творы настаў­ніка з Ветрына Уладзіміра Яцкевіча...

Полацкія маладнякоўцы наладжвалі літаратурныя вечары з удзелам Я. Купалы, М. Чарота, З. Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Сталічнае літаратурнае аб’яднанне “Маладняк” праіснавала толькі пяць гадоў: у лістападзе 1928 года яно ў выніку рэ­арганізацыі было ператворана ў БелАПП, а Полац­кае аб’яднанне літаратараў стала яго філіяй. Яна і з’явілася тым вытокам, ад якога пачало­ся “наддзвінскае” цячэнне ў дзень сённяшні...

Па-сапраўднаму і надоўга “Наддзвінне” абнавіла сваю дзейнасць толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Яго ўзначаліў быўшы партызан і франтавік Алесь Савіцкі...

 

Ішоў час. Мяняліся падзеі, людзі і ... кіраўнікі “Наддзвіння”. Гэта былі энергічныя і самаадданыя літаратары: Алесь Савіцкі, Валянцін Лукша, Юрый Лужын, Навум Гальпяро­віч, Іван Стадольнік, Міхась Барэйша, Юрась Касцюк, Герман Кіры­лаў, Лера Сом і Міка­лай Балдоўскі.

У 1995 годзе літаб’яднанню, якое на той час узначальваў журналіст Юрась Касцюк, было прысвоена ганаровае зван­не”народнае”, а ў 1997 годзе за першынство ў Першым Усебеларускім фестывалі “Беларусь – мая песня” “Наддзвінне” адзначана дыпломам лаў­рэата і грашовай прэміяй.

Зараз літаратурнае аб’яднанне налічвае дваццаць дзевяць чалавек і дзейнічае пад кіраўніцтвам М.Балдоўскага.

 

Сделать бесплатный сайт с uCoz