Народнае літаратурнае аб'яднанне “Наддзвінне”

сардэчна вітае Вас!

MENU

Філімонава Тамара Іванаўна нарадзілася ў г. п. Ветрына. Закончыла Ветрынскую сярэднюю школу, затым факультэт журналістыкі Беларускага дзяржуніверсітэта. Доўгі час працавала на Полацкім радыё, а зараз працуе карэктарам газеты «Полацкі веснік». У друку выступае як публіцыст. Яна – аўтар шматлікіх нарысаў, піша і вершы. Вядзе гурток «Журналёнак» і з’ўляецца вядучай старонкі «Наддзвінне». Сябра народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне».

 

“У памяці заўсёды зберагаю…”

 

Мой родны край

 

Мой родны край,

Я сэрцам прысягаю

Табе на вернасць

Любасцю сваёй.

У памяці заўсёды зберагаю

Куточак родны

Для душы маёй.

 

З дарог усіх

Твая бліжэй сцяжынка,

Што туліць мяккім

Матчыным крылом.

Дзе лёгкім срэбрам

Тчэцца павуцінка,

Дзе дом чакае -

Родны сэрцу дом.

 

Тут думкі ў неба

Птушкай узлятаюць,

І памяць часам

Хіліцца зямлі…

Мой родны бераг

Да сябе вяртае,

Куды б дарогі

Ў свеце ні вялі.

 

І зноўку зорка…

 

І зноўку зорка для маіх надзей

І мараў светлых дзверы адчыняе,

А роздум мой усё часцей, часцей

Мяне ў жыццё пражытае вяртае.

 

Калісьці крылы у мяне раслі –

Хацелася падняцца да нябёсаў,

І зоркі блізкімі тады былі,

Калі па росах бегла я узнёсла.

 

Цяпер я ведаю: сусвет ва мне

Між роднасных сусветаў на планеце.

І дабрыня між намі у цане –

Ці можа быць штось лепшае на свеце?

 

…І зноўку зорка шле святло надзей

І на учынкі добрыя натхняе,

Заве ісці з душою да людзей –

Святлом сваім нязгасным заклікае.

 

Жыццё…

 

Я чытаю жыццё,

Перагортваю годы-старонкі

З невядомым сюжэтам,

Дзе маё – не маё…

Там і гора, і радасць,

І бялюткія ў полі рамонкі,

Я чытаю жыццё,

Мне здаецца знаёмым яно…

 

Я чытаю жыццё,

не чакаю ніякіх адказаў,

Бо я ведаю праўду:

Там усё – не маё…

Гэты промень адчаю

Прапускаю праз сэрца адразу.

Я чытаю жыццё,

Не паўторыцца болей яно.

 

Першыя сняжынкі

 

Восень з мокрымі вачыма

Саступае месца сцюжы,

І сняжынкі – незлічымы –

Нада мной спагадна кружаць.

 

Ім далоні падстаўляю,

Каб разгледзець іх узоры.

Таямнічасць ці пазнаю

Іх, з нябеснае прасторы?

 

Вось сняжынку я злавіла,

Ў адзіноце што злятала,

Толькі ёй цяпло не міла –

І яна слязінкай стала.     

 

Я няздольна запаволіць

Час – і госці прападаюць,

Каб паплакацца са мною,

У далоні зноў злятаюць…

 

 

 

Адзіноцтва

 

Ах, адзіноцтва:

Патухлыя вочы,

Стукае болем

Пякучым бяда,

Цяжка і крыўдна,

Бяссонныя ночы,

Дні – не жыццё, а нуда…

 

У адзіноцтва

Увага – як госця:

Кожны званок –

Паратунак старых:

Нешта сказаць, пэўна,

Хоча ім хтосьці –

Ён не забыўся пра іх…

 

У маладосці

Не тое турбуе…

Хутка імчацца

Па лёсе гады...

Старасць прыйшла –

І ўжо дні не віруюць:

Шклянку падалі б вады.

 

У адзіноцтва –

Страшэнная сіла:

Можа і дух

Чалавечы зламаць.

Вось таму сёння

Я ўсіх бы прасіла

Старасць людзей паважаць!

 

 

Новыя надзеі

 

Вельмі хутка дні імчацца,

Новы год ужо ў дарозе...

Вось стаіць ён на парозе,

І з былым пара расстацца.

 

Хоць было ўсяго ў ім многа,

Памяць лепшае трымае,

А што будзе, мы не знаем,

Кліча новая дарога.

 

І нам мрояцца надзеі,

Што ўсё будзе ў ім не горай,

Чым сягоння ці учора, –

Будуць добрыя падзеі!

 

Новы ліст дзень рассцілае,

Крокі чуюцца ад рання,

Я з днём першым на спатканне

Не спяшаю. Хай чакае!...

 

 

Закаханая ў людзей…

 

Я закаханая ў людзей,

Сумленных, добрых, працавітых,

Не блудзіць словам хто нідзе,

А праўду кажа ў твар адкрыта.

 

Калі падумаць: а нашто

Ўскладняць жыццё сабе і іншым –

У праўды безліч перашкод,

Хлусня ж паненкай стане ўвішна.

 

А ўсё ж: мне праўда даражэй

І тыя, хто сябруе з ёю, –

Яна адна сярод людзей

З адкрытай іншаму душою…

Сделать бесплатный сайт с uCoz