Народнае літаратурнае аб'яднанне “Наддзвінне”

сардэчна вітае Вас!

MENU

Карасёў Віктар Раманавіч нарадзіўся ў 1937 годзе ў в. Рыбакі Полацкага р-на. Закончыў Латвійскі дзяржаўны універсітэт. Працаваў настаўнікам гісторыі ў г. Полацку і ў Вет­рынскай сярэдняй школе. Стваральнік музея ”Гісторыя Ветрына і школы”. Аўтар праектаў і стваральнік шэрагу памятных знакаў славутым землякам. Аўтар шматлікіх краязнаўчых артыкулаў, кніг “Ветрына і наваколле: храналогія гісторыі”, “Мая любоў – Ветрына”, “Майго сэрца часцінка”, “У памяці людской назаўжды”. Друкаваўся ў калек­тыўных зборніках НЛА “Наддзвінне”.

Зорачка яе лёсу заззяла на полацкай зямлі

( да 140-годдзя са дня нараджэння Г.Б. Місуны)

 

 

 

                Мінула больш стагоддзя, але і сёння мясціны, дзе прайшло яе дзяцінства, вабяць прыгажосцю. У ціхім куточку Ветрыншчыны ля рэшткаў падмурка дома збяднелага шляхціца Місуны сустракае наведвальнікаў сціплы мемарыяльны знак у гонар славутай зямлячкі Ганны Баляславаўны Місуны. Імя яе ўвекавечана і ў г.п. Ветрына, дзе адна з вуліц носіць яе імя. Пастаўлена кропка і ў пытанні аб месцы яе нараджэння.

                Многае змянілася на былой сядзібе з той далёкай паслярэвалюцыйнай пары, калі сям’я Місунаў пакінула Полаччыну, змянілася, а то і зусім знікла. Засталіся толькі рэшткі былога саду, асобныя дрэвы  колішняй прысады,

прыгожая і цяпер сажалка, дом работнікаў пры сядзібе. Добра бачны рэшткі падмурка панскага дома, а побач – волат-дуб, напэўна, равеснік Ганны Баляславаўны. А мясціны тут сапраўды цудоўныя: узгоркі і шмат валуноў, ланцугі доўгіх і высокіх пагоркаў цягнуцца з поўначы на поўдзень. З даўніх часоў адна з тутэйшых мясцін завецца "матрац і падушка", а другая – "сад-гара". Паміж гэтымі ўзгоркамі – вокны азёраў, бліжэйшае – возера  Рудзёнкава з высокімі крутымі берагамі. Гэтыя мясціны – вобласць ледавіковых адкладанняў, вялікіх канцавых марэн (марэна – града абломкаў горных парод, што паступова ссоўваюцца з гор рухомымі ледавікамі). Краявід дапаўняюць лясы і пралескі.

                Вось тут, у гэтых прыгожых мясцінах былой Ветрынскай воласці Лепельскага павета, і месцілася сядзіба Місунаў – Забалацце. У родавай сядзібе, што непадалёку ад вёсак Дубраўкі (цяпер Дубраўка) і Быкаўшчына, нарадзілася 12 лістапада 1868 г. Ганна – будучая сястра “і вятрам, і сонцу” – першая жанчына-геолаг Расіі і Беларусі.

                Аб складзе сям’і Місунаў можна даведацца з дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва РБ. У "Спісках дваран памесных Лепельскага уезда", складзеных ў 1879 г., значыцца:

бацька – Баляслаў-Казімір Іосіф Місуна, 1832 г. н.;

маці – Марыя-Ганна, 1843 г. н.;

сыны: Войцэр-Андрэй, 1866 г. н.,

Іосіф 1877 г. н.,

Эдуард 1879 г. н.;

дочкі: Ганна – 11 гадоў,

Марыя  – 9 гадоў,

Анэля  – 1 год.

У графе "Якія дакументы пацвярджаюць дваранскае паходжанне" чытаем: "Пасведчанне Дэпартамента герольдыкі Правячага Сената ад 8.03.1874 г. № 68 і землі яго ў асобным маёнтку Забалацці" (НГАБ ф. 2502, воп. 1, спр. 337, с. 421). Прыведзеныя звесткі – таксама адзін з доказаў месца нараджэння Ганны Місуны. А гэта, на наш погляд, важнае пытанне, да нядаўняга часу не было вырашана. У розных даведніках па-рознаму ўказваецца месца яе нараджэння, а дакладна – ні ў адным. Так, у БСЭ, т. 27, с. 593 указана: нарадзілася Г.Б. Місуна ў Лепельскім павеце. У томе 5 Кароткай Энцыклапедыі Беларусі і Энцыклапедычным даведніку "Беларусь" (Мн.,1995) месцам нараджэння Г.Б. Місуны ўказаны Чашніцкі раён.

                У 1988 г. полацкая газета "Сцяг камунізму" ад 17 чэрвеня публікуе артыкул Э.Ляўкова, загадчыка лабараторыі Інстытута геалогіі і геафізікі АН БССР, які наведаў Полаччыну і  вельмі хацеў знайсці месца нараджэння Г.Місуны, але так і не знайшоў яе роднага кута (артыкул "У пошуках роднага кута") .

Прайшло 10 гадоў. Выходзіць кніга А.Марціновіча "Хто мы, адкуль мы…". Аўтар у нарысе пра Г.Місуну прыводзіць вытрымкі з артыкула акадэміка Д.Наліўкіна, які спасылаецца ў доказе аб месцы нараджэння Г.Місуны на яе працоўную кніжку, дзе ўказана, па яго словах, месца нараджэння – вёска Быкаўшчызна.

13 кастрычніка 2002 г. гучыць цудоўная перадача рэспубліканскага радыё пра Г.Б. Місуну, у якой называецца месца  яе нараджэння – в. Быкоўшчына Чашніцкага раёна.

Паспрабуем абгрунтаваць наша сведчанне, што сапраўдным месцам нараджэння Ганны Баляславаўны Місуны з'яўляецца маёнтак Забалацце Ветрынскай воласці.

Па-першае, па дакументах архіваў вёска Быкаўшчына (Быкаўшчызна ці Быкоўшчына) ніколі не належыла Місунам, і яны там не жылі. У "Памятнай кніжцы Віцебскай губерні на 1878 год" сказана, што Забалацце належыць землеўладальніку Місуну Баляславу Восіпавічу, католіку. Гэта пацвярджаюць і дакументы НДА, аб якіх ужо ўпаміналася вышэй.

А.Сапуноў у "Віцебскай старыне" за 1883 г. на с. 217 піша, што ў ведамасці секвестраваных па мецяжу 1863 г. (паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага) сядзібах у тым ліку называецца Забалацце Місуны, у якога секвестравана 1/4 частка сядзібы. Бацька Ганны дапамагаў паўстанцам грашыма, а не ўдзельнічаў асабіста. З удзельнікамі паўстання расправа была больш жорсткая.

А.Сапуноў у "Спісе населеных месцаў Віцебскай губерні" (Віцебск, 1906 г., с. 184) піша: "Сядзіба Быкаўшчына належыць памешчыку Козел-Паклеўскаму, а сядзіба Забалацце – Місуну.  Місунам належыла 206 дзесяцін зямлі і 208 дзесяцін лесу. Сядзіба ў 5 км ад валаснога праўлення”.

А ссылка Д. Наліўкіна на працоўную кніжку Ганны Місуны, на мой погляд, недарэчная. Працоўныя кніжкі былі ўведзены ў СССР Пастановай СНК СССР толькі  20 снежня 1938 г., і гэта пастанова адмяняла пастанову ад 21 верасня 1926 г. "Аб працоўных спісах". Пра якую працоўную кніжку Ганны Місуны размова, калі яна 2 мая 1922 г. закончыла свой зямны шлях?

Па-другое, успаміны старажылаў-землякоў пацвердзілі архіўныя звесткі.

А.М. Барэйка, 1913 г. н., з вёскі Дубраўка, пацвердзіла, што дом Місунаў быў у Забалацці. Яе бацькі хадзілі туды на працу, а яна маладой бегала ў панскія пакоі на танцы.

Аб гэтым жа гаворыць і Г.М. Рудакова, 1917 г. н., былы педагог, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якая  нарадзілася і жыве ў вёсцы Качанова, а сядзіба Забалацце знаходзіцца ў 50 метрах ад гэтай вёскі. Яна добра памятае высокі дом Місунаў, пад домам – падвал-склеп. Маці ёй расказвала, што ў рэвалюцыю Місуны з’ехалі. Ганна Мацвееўна паказала аўтару гэтых радкоў сядзібу. Дом, па яе словах, разнеслі, калі стваралі калгасы, а амбар Місунаў яшчэ доўга служыў тутэйшаму калгасу.

В.З. Юшкевіч, 1927 г. н., з Дубравак, цяпер жыхарка г.п. Ветрына, памятае расказы маці, якая доўга служыла ў Місунаў. А яе родная сястра не толькі служыла ў гаспадароў сядзібы, а нават выехала з імі ў Варшаву. Дзед Валянціны Захараўны, Мірон Гаспадзёнак, быў упраўляючым у Місунаў. Як расказала В.З. Юшкевіч, пасля 1945 г. спрабавалі знайсці ў Варшаве сястру маці. На іх запыт атрымалі адказ, што пры вызваленні Варшавы савецкімі войскамі бомба трапіла ў дом Місунаў, і ўсе загінулі. Дарэчы, у доме Юшкевічаў з многіх рэчаў, падараваных гаспадарамі сядзібы пры выездзе за мяжу, да сённяшняга дня захавалася карціна з дома Місунаў – партрэт маладой асобы, на жаль, не Ганны Місуны.

Гэта далёка не поўны спіс успамінаў. Цікава, што з гэтымі жанчынамі раней ніхто з даследчыкаў не сустракаўся. А менавіта жывыя сведкі могуць даць каштоўныя звесткі аб гісторыі Бацькаўшчыны.

Такім чынам, з упэўненасцю можна паставіць кропку ў пытанні аб дакладным месцы нараджэння Ганны Баляславаўны Місуны: сядзіба Забалацце (з націскам на першай галоснай) Ветрынскай воласці Лепельскага павета. Па сучаснаму адміністрацыйнаму дзяленню – Ветрынскі сельсавет Полацкага раёна (такі доказ быў зроблены ў артыкуле В.Карасёва "Яшчэ раз пра Ганну Місуну…" у газеце "Полацкі веснік" ад 16 снежня 1998 г.).

Але вернемся зноў да цудоўных мясцін, дзе прайшло дзяцінства Ганны. Гэтая прыгажосць радзіннай стараны засталася ў сэрцы Ганны на ўсё жыццё і цягнула да сябе. Яна неаднаразова наведвала родны край, любоў да якога захавала да скону.

Біяграфію Ганны Баляславаўны першай склала адна з яе вучаніц, вучоная Марыя Яўгенаўна Мірчынк у 1940 г. Усе далейшыя нямногія публікацыі аб нашай знакамітай зямлячцы спасылаюцца на гэтую працу, напісаную з любоўю і павагай да сваёй настаўніцы. Спасылаюся на яе і я.

Дзіцячыя гады Ганны Баляславаўны прайшлі тут, у Забалацці. Напэўна, вандроўкі па ўзгорках, кручах сад-гары, навакольных лясах загартавалі яе характар, зрабілі мужнай і бясстрашнай, якой яе ведалі калегі і тыя, каму давялося працаваць з ёй побач.

Першапачатковую адукацыю атрымала яна дома і, магчыма, у Дубраўскім народным вучылішчы. Акадэмік Д.В. Наліўкін ("Нашы першыя жанчыны-геолагі", Л., 1979) памылкова піша, што побач з сядзібай Місунаў ніякіх школ не было. Гэта не так. Як сведчаць архівы, у 1864 г. было адкрыта народнае вучылішча ў цэнтры Ветрынскай воласці і ў вёсцы Дубраўкі (так да 70-х гадоў мінулага стагоддзя называлася вёска Дубраўка). Так што ў адным кіламетры ад сядзібы была школа. Па ўспамінах старажылаў, у доме Місунаў былі замежныя настаўнікі. Сярэднюю адукацыю Ганна атрымала ў прыватнай польскай гімназіі ў Рызе. Пасля заканчэння яе ў 1887 г. працавала ў гэтай установе настаўнікам польскай мовы і арыфметыкі. Абставіны, а менавіта смерць бацькі ў 1890 г., прымусілі яе вярнуцца дадому і дапамагаць хворай маці выхоўваць малодшых. І зноў яна ў родных мясцінах. Тры гады плённай працы: самаадукацыя па падручніках, што выпісвала з Варшавы і іншых гарадоў. Яна вядзе перапіску з гуртком польскіх прыродазнаўцаў, збірае калекцыі раслін і насякомых, піша шэраг папулярных артыкулаў. Толькі ў 1893 г., калі стала атрымліваць невялікую стыпендыю, Ганна вырашыла паехаць у Маскву, каб вучыцца далей.

Атрымаць у XIX ст. вышэйшую адукацыю ў Расіі для жанчыны было амаль немагчымым. Адзіныя ў Маскве  прыватныя Вышэйшыя жаночыя курсы прафесара В.І. Гер’е рэакцыйнае кіраўніцтва Міністэрства адукацыі закрыла. Ганна паступае ў Першую зубаўрачэбную школу, а калі даведалася пра жаночыя курсы "Калектыўныя ўрокі", – паступае і туды. Матэрыяльныя цяжкасці прымусілі яе займацца перакладамі, даваць прыватныя ўрокі, пісаць артыкулы. На гэтых "Калектыўных уроках", дзе выкладалі такія вядомыя вучоныя, як У.І. Вернадскі, А.П. Паўлаў, Д.В. Сакалоў, яна атрымала, дзякуючы ўпартасці і мэтанакіраванасці, вышэйшую адукацыю і пры  вельмі разнастайных сваіх захапленнях абрала геалогію. У гэтай галіне працавалі яе настаўнікі У.І. Вернадскі і Д.В. Сакалоў, з апошнім у яе склаліся сяброўскія адносіны і працягваліся да яго смерці ў 1917 г. Гэты вучоны аказаў вялікі ўплыў на ўсю яе далейшую дзейнасць. Г.Б. Місуна захапілася вывучэннем слядоў абледзяненняў і з 1896 г. прыступіла да самастойнай навуковай працы. Яе даследаванні ахапілі амаль усе раздзелы геалагічнай навукі. Свае веды Ганна Баляславаўна ўдасканальвае ў Берліне, дзе яна працавала пад кіраўніцтвам прафесара Гейнітца, вядомага гляцыёлага (гляцыялогія – навука аб формах ільду, ледавіках і снежным покрыве).

Шмат увагі ўдзяляе маладая вучоная практычнай геалогіі. Яна  першая з жанчын-геолагаў, хто заняўся палявымі геалагічнымі даследаваннямі. З гэтай мэтай яна аб’ездзіла розныя рэгіёны Расіі, працавала ў розных пошукава-разведвальных партыях. Напрыклад, пад кіраўніцтвам Д.В. Сакалова працавала ў Тульскай губерні ў пошуках жалезнай руды і каменнага вугалю, а ў Цвярской губерні вяла гідралагічныя даследаванні. Вынікам яе палявых даследаванняў стала навуковая праца "Матэрыялы да вывучэння канцавых марэн". Пры яе разнастайных накірунках дзейнасці ўсё ж галоўныя сілы ў далейшым яна аддае вывучэнню ледавіковых адкладанняў. Па прызнанню спецыялістаў, менавіта яна ў гэтай вобласці геалогіі – адзіны агульнапрызнаны спецыяліст. Г.Б. Місуна першая ў Расіі ўводзіць методыку вывучэння марфалогіі і структуры канцавых марэн. Яе навуковыя працы "Матэрыялы да вывучэння ледавіковых адкладанняў Беларусі і Літоўскага краю", "Кароткі нарыс геалагічнай будовы     Навагрудскага павета Мінскай губерні" прысвечаны вывучэнню раёнаў беларускай зямлі, дзе сапраўднае царства канцавых марэн, вывучэнню якіх Ганна Місуна прысвяціла многія гады свайго жыцця. Менавіта яна ўнесла вялікі ўклад у пазнанне ледавіковых адкладанняў на Беларусі, Літве і Цвярской губерні, першая ў Расіі зрабіла вывад аб існаванні некалькіх абледзяненняў у чацвярцічным перыядзе. Характэрна, што адразу пасля заканчэння вучобы ў Маскве яна на свае сціплыя зберажэнні едзе вывучаць ледавіковыя адкладанні ў свой родны край. І ў гэтым – праяўленне яе любові да зямлі бацькоў, да Беларусі.

Часта, як піша М.Я. Мірчынк, свае доследы Ганна праводзіла адна, адпраўляючыся ў вандроўкі ў асноўным пешшу, рэдка на калёсах. Пабывала і абследавала розныя куткі Расіі, была на прытоках ракі Вычэгды на далёкай Поўначы. Высокую, лёгкую на пад’ём, упартую і адважную, з рукзаком за плячыма і малатком у руках, нашу зямлячку сустракалі многія ў самых далёкіх мясцінах. У прадстаўнікоў мясцовых уладаў гэты даследчык часта выклікаў падазронасць. Былі выпадкі, калі яе затрымлівалі, садзілі ў памяшканне павятовай паліцыі да ўдакладнення асобы. У час руска-японскай вайны нават арыштавалі як "кітайскага шпіёна". Небяспека не пужала адважную жанчыну. У гарах Крыма, напрыклад, яна ўзбіралася на такія крутыя схілы, куды раней не спрабавалі падняцца даследчыкі. Сваім сябрам яна часта прыводзіла яе любімы выраз: "Баязлівец памірае пастаянна, храбры памірае толькі раз". Яна супакойвала сваіх сяброў, якія вельмі хваляваліся за яе здароўе, і гаварыла, што смерці яна не баіцца і не памрэ, пакуль хоча жыць. А жыццё яна вельмі любіла ва ўсіх яго лепшых праяўленнях. Любіла прыроду, мастацтва, цікавілася літаратурай, чытала яе на некалькіх мовах. Ганна Баляславаўна, акрамя навуковай, вяла вялікую грамадскую і арганізатарскую работу. Яна актыўна ўдзельнічала ў фарміраванні бібліятэкі Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды, а потым загадвала ёй, доўгія гады была захавальніцай геалагічных калекцый гэтага таварыства, удзельнічала ў Міжнародным геалагічным кангрэсе ў Стакгольме.

З 1906 г. Ганна Місуна працуе асістэнтам пры геалагічным кабінеце Маскоўскіх Вышэйшых жаночых курсаў (будучы 2-гі Маскоўскі дзяржуніверсітэт), а з 1909-га года яна – выкладчык  у гэтай установе. З  1919 г. Г.Б. Місуна працуе дацэнтам геалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Сярод яе вучняў-геолагаў, акрамя М.Я. Мірчынк, былі і прафесар, доктар геалагічных навук Варсаноф’ева, і прафесар Сошкіна. Многія яе вучаніцы – удзельнікі навуковых экспедыцый, што праводзіліся па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Ганны Баляславаўны, асабліва ў апошнія гады яе жыцця. Прафесіяналізм, вялікія заслугі ў навуковай і педагагічнай дзейнасці, яе асабістыя якасці выклікалі ўсеагульнае прызнанне і павагу не толькі калег, але і выдатных дзеячаў навукі – такіх,  як, напрыклад, У.І. Вернадскі, пад кіраўніцтвам якога яна займалася мінералогіяй.

Хочацца сказаць некалькі слоў пра асабістыя якасці Ганны Місуны, аб якіх піша М.Я. Мірчынк. "Вельмі строгая да сябе і патрабавальная да іншых, – адзначае яна. – Па характару запальчывая, магла прама выказаць свае меркаванні аб справе і асобе, падчас рэзкая". Але прыклады з яе жыцця такія меркаванні не пацвярджаюць.

На справе – гэта чалавек вялікай дабрыні. І вось прыклад у доказ гэтаму. Яе экспедыцыйная група працавала на Урале. Позна вечарам вельмі стомленыя садзіліся на цягнік. Спальных месцаў у вагоне не хапала. Ганна выказала прапанову, што  не спаць першай будзе яна сама, і абяцала разбудзіць калег, калі прыйдзе чарга яе падмяніць. Прынялі такую прапанову. А раніцой высветлілася, што кіраўнік групы ўсю ноч прасядзела ля вакна, бо пашкадавала кагосьці патурбаваць. Яна вельмі ўважліва адносілася да маладых дзяўчат, асабліва, калі бачыла іх імкненне да ведаў, і часта дапамагала ім усім, чым магла, нават грашыма, бо памятала, якой  цяжкай была яе дарога да навукі. Такія прыклады гавораць аб яе сціпласці і чуласці.

Так склаўся лёс, што Ганна Баляславаўна не спазнала мацярынства і ў яе не было асабістай сям’і. Жыццё прысвяціла адзінай мэце – служэнню навуцы. У бацькоўскім доме яна старанна дапамагала выхоўваць малодшых, асабліва пасля смерці бацькі і маці. І ў Маскве перанесла гэтую прыхільнасць на малодшых дзяцей свайго сябра прафесара В.Д. Сакалова, дапамагала ў іх выхаванні.

Па сваіх поглядах Г.Б. Місуна была дэмакраткай. Гэта, напэўна, пачалося з сям’і. Бацька належыў да прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі, якая не ўспрымала царызм. Як адзначалася, ён падтрымліваў паўстанцаў 1863 г. Дачка выступала таксама супраць рэакцыйнай палітыкі царызму. За распаўсюджванне рэвалюцыйнай літаратуры і агітацыю супраць рэакцыйнага рэжыму яна нават аднойчы  трапіла за краты.

У гады замежнай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны, калі яе родныя мясціны аказаліся акупаванымі палякамі, Ганна Місуна не пажадала пераехаць у панскую Польшчу, а засталася са сваімі рускімі сябрамі ў той цяжкі час. Пасля рэвалюцыі яе малодшы брат Эдвард, які жыў у Варшаве, зваў Ганну да сябе. Але яна адмовілася і засталася ў Маскве, засталася там навечна. 2 мая 1922 года на сваёй падмаскоўнай дачы ад хваробы сэрца закончыла зямны шлях наша славутая зямлячка, выключна працавіты і таленавіты вучоны. Пахаваная на Новадзявочых могілках у Маскве.

Ганна Місуна пакінула багатую навуковую спадчыну, гэта 17, па другіх крыніцах, 19 навуковых работ, унесла значны ўклад у геалагічную навуку. Жыццё яе – прыклад для моладзі: як, нягледзячы на цяжкасці, можна і патрэбна дабівацца пастаўленай мэты. Гэта прыклад служэння навуцы і Радзіме.

Радасна ад таго, што ўдалося ўстанавіць дакладнае месца яе нараджэння, увекавечыць яе імя і зрабіць гэта на яе сапраўднай  радзіме, якая дала ёй крылы для высокага палёту, каб праславіць полацкую зямлю.

У наш камерцыйны час неяк на задні план адыходзяць такія паняцці, як духоўнасць, адраджэнне гістарычнай памяці. Больш турбуе многіх "новых" беларусаў пытанне папаўнення нейкай асабістай калекцыі, жаданне адзначыць сваё імя асабняком, прэстыжным аўто ці экзатычнай жывёлінай. Але не на такіх людзей разлічваем мы ў стварэнні помнікаў і абеліскаў, мемарыяльных знакаў у гонар вядомых землякоў, у пошуках забытых сядзібаў і імёнаў. Прыемна, што большасць людзей, да якіх даводзілася звяртацца за дапамогай, людзі неабыякавыя  да сваёй гістарычнай спадчыны. Бо наша сапраўднае багацце – гэта духоўная памяць, а наша задача – захаваць яе, данесці да тых, хто неабыякавы да нашага мінулага.

Ганна Місуна – адна з тых, хто складае наша духоўнае багацце. Імя яе жыве і будзе жыць на слаўнай Полаччыне ў назве вуліцы г.п. Ветрына і мемарыяльным знаку на месцы яе нараджэння, які быў адкрыты ў дзень  яе 135-й гадавіны народзін. На ўрачыстасцях, прысвечаных гэтай падзеі, сярод шматлікіх прысутных была і дэлегацыя Інстытута геалогіі НАН РБ на чале з намеснікам дырэктара Я.І. Аношка. У артыкуле памяці Г.Б. Місуны ў навуковым выданні НАН РБ ("Літасфера" № 2 за 2003 год, с. 175) Я.І. Аношка напісала  і такія радкі: "У сярэдзіне лістапада 2003 года на месцы сядзібы адкрыты памятны знак у гонар славутай зямлячкі Ганны Баляславаўны Місуны. Памятны знак – гэта велізарны валун з прымацаванай на ім шыльдачкай, на якой  пазначаны гады жыцця Ганны Місуны. Такі ж мемарыяльны знак быў адкрыты і ў самім Ветрыне, напачатку вуліцы Маладзёжная, якая, згодна рашэнню выканкама, далей будзе насіць імя Ганны Місуны. Гэта падзея магла адбыцца толькі дзякуючы арганізатарскім здольнасцям і нераўнадушшу мясцовага настаўніка гісторыі В.Р. Карасёва, які вядзе вялікую краязнаўчую работу.”

Будзем спадзявацца, што гэты год, год 140-й гадавіны з дня нараджэння Ганны Баляславаўны Місуны, будзе адзначаны святам, якога заслугоўвае славутая дачка Беларусі. 

 

 

Сделать бесплатный сайт с uCoz