Народнае літаратурнае аб'яднанне “Наддзвінне”

сардэчна вітае Вас!

MENU

Ляўковіч Таццяна Мечыславаўна нарадзілася ў 1981 годзе ў в. Арханава Міёрскага р-на. Закончыла Полацкі педагагічны каледж, затым – Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя М. Танка. З 2000 года працавала настаўніцай пачатковых класаў на Міёршчыне, а з 2005 года працуе ў сярэдняй школе №2: спачатку працавала настаўніцай пачатковых класаў, а зараз яна – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

Друкавалася ў мясцовых СМІ. З 2011 года з’яўляецца сябрам народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне».

“Шчасцем цешыцца душа…”

 

Ля Сафіі

 

Ля светлае Сафіі супынюся,

Мяне сустрэне ветліва яна.

Я храму нізка-нізка пакланюся –

Сафіі, дзе ўладарыць даўніна.

 

Імкненнямі высокімі Ўсяслава

Сафія свой сустрэла зорны час:

Ахоўніца, вялікая Прадслава,

Перапісала безліч кніг для нас…

 

Да неба вежы белыя узняты,

Нібы для ўсіх вымольваюць яны

Благаславення Божага, а страты

Няхай мінаюць. Хай пяюць званы.

 

Ля светлае Сафіі супынюся,

Дзвіны-ракі іскрацца берагі.

Я гаварыць і дыхаць тут баюся,

Бо тут гавораць-дыхаюць вякі.

 

Сняжынкі

 

Белыя пушыстыя сняжынкі

Ў небе карагодам закружылі.

Замялі дарогі і сцяжынкі,

Дзіўным танцам нас заваражылі.

 

Гэтыя пястушкі-чараўнічкі

Кружацца на ветравым узвеі –

Смешныя гуллівыя сястрычкі,

Бы малыя казачныя феі.

 

Нас чаруе іхні рух павольны,

Як у танцы, к нам яны злятаюць,

Нам лажацца прама на далоні

І затым кудысьці ўміг знікаюць.

 

Белыя пушыстыя сняжынкі

Ў карагодзе казачным кружацца.

Лёгкія чароўныя пушынкі

Белым дываном на дол лажацца.

 

Зіма

 

На тройцы велічных каней

У беласнежнай калясніцы

Пад гукі гулкія завей

Зіма імчыцца – чараўніца!

 

Заслала пухам лес, палі,

На кроны дрэў надзела шапкі.

І забялелі на зямлі,

Як срэбра, ззяючыя хаткі.

 

Абрус засцелены кругом

На краявід – дзівяцца вочы.

Прырода ззяе хараством,

Замігацелі зоры ўночы.

 

З сабой зіма прынесла нам

Забавы, радасці, уцехі.

Паўсюль чуваць і смех, і гам:

Гуляюць дзеці – у пацехі.

 

Прыйшла вясна

 

Прачніся на досвітку, выйдзі на двор,

Прыемнае ты штось успомні.

Вясной патыхае абуджаны бор,

Страчаюць нас сонейка промні!

 

Расчынены дзверы, сцяжынка бяжыць

На луг, за пагоркам знікае.

А гукі вясны пачынаюць кружыць:

У небе жаўрук зноў спявае.

 

Наперад бяжы і забудзься на ўсё,

Смакуй свежы водар вясновы!

Спявай сонцу песню пра лёс свой, жыццё,

Каханне і дзень гэты новы.

 

Вясна напаўняе жыццём кожны ўздых,

І сэрца, і кроў ачышчае.

Нарэшце вясна – ратавальніца ўсіх –

На добрыя думкі натхняе.

 

Лясная аптэка

 

Травы ў росах залацістых,

Сонца – быццам майскі бэз,

А мяне на золку чыстым

Зноў прыгожы кліча лес.

 

Ён настоены на травах,

На чарніцах і грыбах,

Ён бруснічнікам духмяным

І сунічнікам прапах.

 

Сонца яснае над лесам,

Верхавіны ветрык гне,

І прыемныя настроі

Напаўняюць ўсю мяне.

 

З невыказнай асалодай

Крочу зноў да ручая,

П’ю нагбом смалісты водар,

Як бальзам лячэбны, я.

 

Цяжка стане чалавеку –

Я параю ад душы:

“Каб забыцца на аптэку,

Ты ў лясочак паспяшы”.

 

Чароўная пара

 

Пахаладзела неба просінь,

Ляцяць карункі павуцін,

Чаруе пазалотай восень,

Палае гронкамі рабін.

 

Няма травы на сенакосе,

Пустуе пляж каля ракі.

Затое ў лесе каля сосен

Пайшлі расці баравікі.

 

Сваю наведала мясціну –

Грыбоў багата я знайшла.

Калі на кошык вокам кіну,

То шчасцем цешыцца душа.

 

Беларусь

 

Я люблю цябе кожнай парой

За тваю прыгажуню-прыроду.

Ганаруся заўсёды табой

І тваім працавітым народам.

 

Многа гора было, многа слёз,

Бо не раз тут вайна лютавала.

Ты, радзіма буслоў і бяроз,

Зноў і зноў з папялішчаў ўставала.

 

Калі ж цяжка было нам зусім,

То свяціўся лік маці-Радзімы.

І назло перашкодам усім

Адраджаўся мой краю любімы.

 

Мая надзея

 

Горад родны шумлівай гамонкай гудзіць,

І сярод гэтых гукаў стракатых

Беларуская мова, нажаль, не гучыць –

Чужародныя словы узяты.

 

Моладзь мову сваю не жадае вучыць,

І сцвярджаюць усе пра двухмоўе…

Але дрэва, калі карані адсячы, –

Ссохне, згіне і стане зямлёю.

 

Не! У словах маіх хай надзея гучыць –

Бо надзею губляеш апошняй:

Мы не здолеем роднае слова забыць.

Веру я: быць такога не можа!

 

Наша родная мова над любай зямлёй –

Веру ў гэта, бо хоча так сэрца, –

Хутка зноў загучыць з прыгажосцю сваёй,

Веснавым ручайком паліецца.

 

 

Каханне ёсць!

 

Жыццё і светлае каханне

Ніяк не могуць поразь быць.

І сэрцу доўгае чаканне

Не можа шчасце засланіць.

 

Апошнія сабраўшы сілы,

Душа так хоча з небыцця

Ляцець ў цудоўную краіну –

Краіну казак і жыцця.

 

Каханне ёсць, у ім і сіла.

Яно з табой на ўсё жыццё.

Жыццё каханне нарадзіла…

Што можа быць мацней яго?

 

Белорусская природа

 

Белорусская природа,

до чего ты хороша!

С каждой встречею с тобою

хочет петь моя душа.

Очарованы красою

мы твоею вновь и вновь.

Дарит нам природа счастье,

 и здоровье, и любовь.

 

Нас берёза укрывает

от жары в своей тени,

Шелестит она листвою:

«Ты устал, друг, отдохни!»

А зимой свои узоры

дарит нам морозный день,

И деревья шапки снега

надевают набекрень.

 

А весной ручей игривый

сердце радует, звеня,

И подснежник нежно-белый –

для тебя и для меня.

Куст черёмухи душистый,

птиц весенний перезвон –

Всем позволит наслаждаться

красотой природы он.

 

Осень всех одарит щедро

 урожаем на полях.

И увидим средь берёз мы

золотистый блеск в ветвях.

Белорусская природа,

до чего ж ты хороша!

С каждой встречею с тобою

хочет петь моя душа.

Сакавік

 

Гукалі так вясну пралескі:

«Прыходзь, жаданая, хутчэй!»

Яны разбегліся на ўзлеску,

І той красуе ўсё ярчэй.

 

Танюткім беленькім бярозам

Вось-вось лісточкі нараджаць…

Калі прысняцца ім марозы,

Галінкі ціхенька дрыжаць.

 

Няяснасць першых прадчуванняў

Святлее ў сэрцы з кожным днём…

Аднойчы белы гай уранні

Зялёным выбухне агнём.

 

Здаецца мне: чуваць здалёку

Зязюлі шэрай шчодры лік…

І ад бярозавага соку

Схмялелы крочыць сакавік.

 

 

 

Вясной

 

Што за цудоўныя дзянькі:

Спяваюць птушкі, сонца свеціць.

Вясна шыбуе нацянькі

Ад першатраўя да суквеццяў.

 

Махне рукой разы са два,

Нібы паказваючы фокус, –

І расцвітаюць сон-трава,

Пралеска, прымула і крокус.

 

Кране далонню сонны сад,

Падзьме на вішні і на слівы…

А потым робіць свой агляд:

Ці не замала пабяліла?

 

А недзе там напрыканцы

Красавіка, а ці у маі,

Аднекуль з глебы дзьмухаўцы,

Як быццам сонейкі, ўздымае.

 

Вясна нам радасці нясе,

Намаляваўшы кветак вочкі,

І цягне бегаць па расе,

Сплятаць прыгожыя вяночкі.

 

 

Надыход восені

 

Усё навокал ужо адцвітае

Перад доўгай сцюдзёнай зімой,

Дыяментамі яркімі ззяе,

Вабіць дзіўнай апошняй красой.

 

Пажаўцелі скрозь травы і дрэвы,

Ціха лісце ляціць на зямлю.

Журавоў развітальныя спевы

Слухаць моўчкі я вельмі люблю.

 

Развітальная песня бусла

 

Настала восені пара,

Трываць мароз не маю сілы,

Ляцець у вырай мне пара –

Я пакідаю край мой мілы.

 

Чакае зноў мяне адлёт.

Я адчуваю: стане горка,

Як панясуцца пад крылом

Мае азёры і пагоркі.

 

Апошні клёкат, а затым

Да сонца уздымуся кругам,

Засцеле вочы смутку дым,

Як палячу над родным лугам.

 

 

Зімой

 

Завіруха завывае,

Свішча вецер за акном.

Сум трывожны набягае,

Студзіць цела халадком.

І трашчыць мароз рыпучы,

А на небе месяц змерз.

Але цёпла каля печы

Слухаць мне паленняў трэск.

 

Вельмі ціха снег лажыцца

На палі і на лужок…

І салодкі сон мне сніцца –

Светлы, лёгкі, як сняжок.

 

 

Вясна

 

Гэй, вясна! Гэй, вясна-чараўніца!

Ты прыйшла! Ты з’явілася зноў –

Прыгажуня ў квяцістай спадніцы,

Вышываны падол з дзьмухаўцоў!

Ты зляцела аднекуль на дрэвы,

Пабудзіла пупышкі на рост…

Падхапіла птушыныя спевы,

Захмялеўшы ад соку бяроз.

 

Ты аблашчыла сонейкам дахі,

І зямлю, і палі, і лясы.

Ты распырскала дзіўныя пахі

І брыльянтамі – кроплі расы.

 

 

Беражыце гэты цуд…

 

Каб пры адпачынку на прыродзе

Прыгажосцю мілай цешыць сэрца,

Беражыце, людзі, асяроддзе –

Ўсё нашчадкам вашым застанецца.

 

Хай журчаць празрыстыя крыніцы

Чыстаю вадой незамутнёнай,

Хай гадуе сонейка суніцы

У травіцы казачна-зялёнай.

 

Хай спяваюць птушкі ў паднябессі

І пад імі нівы шчодра родзяць.

Хай гаспадарамі недзе ў лесе

Па імху зубры павольна ходзяць!..

 

Не згубіце гэты цуд міжвольна!

Паглядзіце, як вакол прыгожа!

Ці ж мы нашу скарбніцу не здольны

Захаваць, уславіць і прымножыць?!.

 

 

Роднаму гораду

 

Мой родны куток – гэта крэпасць спрадвечна,

Табой ганаруся, кахаю сардэчна.

Цябе не забуду і не адракуся,

Ты, Полацк, – калыска маёй Беларусі.

 

Табе прысвячаюць паэмы і вершы,

І ў сэрцы маім сярод іншых ты лепшы.

Славуты, магутны і велічны самы,

Не проста ты Полацк, ты – сэрца дзяржавы.

 

Гісторыя лёсу твайго так яскрава:

Ты горад-легенда, ты горад-дзяржава.

І як пра сыноў тваіх можна забыцца,

Якімі Радзіма змагла ганарыцца?!

 

Сягоння красуешся ты як ніколі,

Ты вельмі прыгожы, цікавы даволі,

Заўсёды ласкавы, заўсёды гасцінны,

Ты, Полацк мой любы, у сэрцы адзіны.

 

 

Сустрэча з анёлам

 

Калі ўжо вечар прытаміўся,

Лягла я ў ложак адпачыць.

Заснула… Раптам мне з’явіўся

Цудоўны прывід уначы.

 

Прастора ўспыхнула дзівосна,

І нехта на зямлю сышоў.

Мне стала горача і млосна:

Анёл! О, Божачка, анёл!

 

Ён глянуў на мяне ласкава,

Сказаў лагодна: «Мір табе».

«Табе дабранач. Ну і з’ява!..» –

Я ў шоку мовіла сабе.

 

Прыйшла ў сябе я паступова –

І рада госцейку свайму.

Тут пачалася ў нас размова,

А я дзівілася ўсяму.

 

Пытанне задала я наперш

Пра долю нашу на Зямлі.

Адказваў мне анёл… Як вершы,

Адказы тыя мне былі.

– Чаму вакол так многа гора,

Чаму то тут, то там вайна?

– Чым насычаеце прастору,

Тым і адказвае яна…

 

– Нашто нам шлях выпрабаванняў –

Няўжо пакут не абысці?

– Калі няма любві, кахання,

Дык вам і шчасця не знайсці…

 

– Чаму ўсяго даволі ў хаце,

А ў сэрцы радасці няма?

– Не там збіраеце багацце –

Душа вярэдзіцца сама.

 

– Бываюць на зямлі падзеі,

Што страшна ўбачыць нават ў сне…

– Якое зерне хто пасее,

Такое потым і пажне.

 

Гамонку мы вялі да ранку,

Амаль, здаецца, да святла…

Калі прачнулася, заранка

Над лесам спеў свой разліла.

 

Ці так было, ці мне здалося,

Ці ночка з розуму звяла?

Ды нейкі пух прыліп на носе –

Няўжо пярынкі ад крыла?

 

 

Война

 

Свет вспышек, пожаров, далёких огней!..

Плач жён и детишек, сестёр, матерей.

На битву ушли их отцы и сыночки

За край свой родной. Плачут летние ночки…

 

Сражаться ушли за свой дом и детишек.

Смерть косит без устали – звон её слышен.

И горе рекой, и рекой ожиданье…

А будет ли в будущем с милой свиданье?

 

Сражались за Родину, жизнь отдавали,

За что получали посмертно медали…

Зачем убивали? Зачем мы страдали? –

Живые вопросы себе задавали.

 

Ведь каждого третьего мы потеряли

И только недавно об этом узнали.

Прошло много лет, но мы помним героев,

В честь их обелиски, музеи построив.

 

 

Дети войны

 

Дети войны, вам с пелёнок досталось

Познать беспределы невзгод.

Был голод и холод, ночами не спа̀лось,

От гари чернел небосвод.

 

От взрывов и плача земля содрогалась.

Не знали вы детских забав.

И горя хлебнули вы, дети, немало,

Досрочно солдатами став!..

 

Просились на фронт вы, без страха сражались,

Держали в руках автомат.

Победа ведь кровью и смертью ковалась,

Но воля не знала преград.

 

Вам, детям войны, много горя досталось.

Победа наградой была.

И летопись лет страшных в память вписалась,

Боль отклик в сердцах всех нашла.

 

Сделать бесплатный сайт с uCoz