Народнае літаратурнае аб'яднанне “Наддзвінне”

сардэчна вітае Вас!

MENU

Швайко Ала Іванаўна нарадзілася ў 1951 годзе ў г. Полацку. Закончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт, механіка-матэматычны факультэт. Працавала настаўніцай матэматыкі. Друкавалася ў мясцовых СМІ, у зборніках «Свята назаўжды», «Гулкая плынь», у альманахах «Наддзвінне». Сябра народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне».

“І ў сэрцы пыхнула шчырэй…”

 

Палата

 

Палата-рачулка,

Ты чаму пятляеш,

Скачаш, як вавёрка,

Ў квецені чаромх?

Жаўруковай песні

Ціха падпяваеш

І ляціш наперад

Птушкай, далібог.

 

Раптам усміхнешся

Сонечнай іскрынкай,

На любімы Полацк

Паглядзіш здалёк.

Да Дзвіны-сястрыцы,

Да Сафіі стромкай

Ты імчыш заўсёды,

Быццам незнарок.

 

Мой край

 

Край мой палачанскі –

Лес здалёку сіні,

Манастыр у Спаскім

З імем Еўфрасінні.

 

Б’юць званы шырока –

Тут зямля святая –

Нават за аблокі

Звон іх далятае.

 

Беражком прайсціся –

Сонца слепіць вочы.

Адкрываць зямелька

Таямніц не хоча.

 

Край мой маляўнічы –

Бэзавы прытулак.

Кружаць-таньчаць зоркі

Над скрыжаллю вулак.

 

Край мой салаўіны

Кветкамі прыгожы.

Хто яго палюбіць,

Разлюбіць не зможа.

 

Сафія

 

Птушкай белай – Сафія,

Рукі-крылы – ў нябёсы,

І, здаецца, да сонца

Дакрануцца яны.

Як пасуе арган ёй,

Чараўнік шматгалосы,

Гукі ўзнёслых мелодый

Лье ў самоту Дзвіны.

 

Што было тут калісьці,

Здагадацца няцяжка:

Дуб таўшчэзны ў пашане,

Камень-ідал яшчэ.

Час згубіў па дарозе

Горкай праўды сярмяжку,

А крынічка натхнёна

І дагэтуль цячэ.

 

Маляўнічы куточак

 

Радзіма мая –

маляўнічы куточак

Паміж Палатой

і Валовым азёркам.

Квітнеюць сады

ў салаўіныя ночы,

І кружаць у вальсе

над хатамі зоркі.

 

Тут дзікія качкі часцей,

чым сініцы

Над садам маім

бестурботна лятаюць.

Пара адпачынку,

ды нешта не спіцца…

Я кветкі і зоркі

у вершы ўплятаю.

 

З міфаў і паданняў…

 

Возера ў дрымоце,

Не падыдзеш блізка.

З міфаў і паданняў

Сплецена калыска.

 

Чайкі тут дарэмна

Крыкам клювы шчэраць,

Што бяздонне побач –

Ім ніхто не верыць.

 

А што мае возера

Іншых шмат сакрэтаў,

Толькі месяц ведае,

Ды маўчыць аб гэтым.

 

Край тут таямнічы:

Калдуны, вядзьмаркі.

Дзе гарэлі знічы,

Месцяцца хібаркі.

 

Шмат чароўных казак

Тут зямля схавала,

Мне аб тым зязюля

Досвіткам кувала.

 

Мае Грамы

 

Аазіс таямнічых сіл,

Раён, які не надта ў модзе,

Мяне гасцінна запрасіў,

Хоць я жыву тут паўстагоддзя.

 

Грамы – як подых навальніц,

Імя – ад капішч Перуновых,

Як водгук знічаў-таямніц

На ўскрайку возера Валова.

 

Пярун з Маланкай удваіх,

Як толькі надыходзіць лета,

Балююць… А чаму для іх

Куточак прыцягальны гэты?

 

Раён міжволі ўсё шырэй

Сабой цікавіцца прымусіў,

І ў сэрцы пыхнула шчырэй

Любоў да роднай Беларусі.

 

Сапфірам сінім…

 

Валова возера як след

Хавае ў нетрах таямніцы,

Ў яго ўзіраецца сусвет,

Калі заззяе Мілавіца.

 

І цішыня… Нуда пачвар…

Даўно тут знічаў знікла племя.

Варожыць тут начны ўладар –

Вядзьмаркай кінутае семя.

 

Чарот маркоціцца, і ў сне

Лілей зачынены куфэркі.

Шчупак знянацку паласне

Вады чароўнае люстэрка.

 

Ці тут міфічны Фаэтон

Знайшоў апошні свой прытулак,

І ці не прывідам вось ён

Блукае ў лабірынце вулак?

 

І толькі ранак данясе

Да спеваў птушак звон ад Спаса –

Патухнуць чары пакрысе,

Усё знікае пэўным часам.

 

А возера – вякі сплылі –

Лагодна месціцца пад сонцам,

Ляжыць у матухны-зямлі

Сапфірам сінім на далоньцы.

 

Возера Бабінец

 

Хутка свята… Прыбіранне…

І жанчынам не да сну…

Зіна ж ткала аж да рання

Ручнікі свае з ільну.

 

Зіна – спрытная майстрыха

І нібыта чараўнік:

Абярог ад крыўды, ліха –

Кожны ўзорысты ручнік.

 

Толькі скончыла работу –

Певень тут загаманіў.

Як рукой зняло заботу,

Сіл дзявочых зноў прыліў.

 

Творчасць радасцю аддзячыць

І разгоніць ў жылах кроў.

Так прыемна Зіне бачыць

Цэлы стосік ручнікоў.

 

Іх памыць – і ўсё ў парадку,

Як гара з плячэй зляціць,

Хоць да возера, да кладкі

Вельмі боязна ісці.

 

…Бездань чорнаю вадою

Зіне глянула у твар.

Сэрца шчэміць маладое –

Кажуць, бачаць тут пачвар.

 

Сонца грае прамяніста.

Зіна мые ручнікі…

Два памыла добра, чыста,

Трэці…выслізнуў з рукі.

 

Гора-горачка ў Зінулі –

Працы так шкада сваёй…

Вочы слёзы зацягнулі:

Як ручнік дастаць самой?

 

Але што гэта за зданкі?

Твар жаночы у вадзе…

У Зінулі – ліхаманка:

Зуб на зуб не пападзе.

 

Твар прыгожы белы-белы,

Не зямной зусім красы.

Позірк ветлівы і смелы,

Сіняй стужкай валасы.

 

“Ну, не плач, мая саколка, –

Голас песняю плыве, –

Ручнічок жа не іголка,

Пачакай хвілінкі дзве”.

 

Ці здалося ўсё Зінулі? –

З ёй такога не было.

Думкі-страхі мільганулі,

Нават мову адняло…

 

Падала ручнік жанчына,

Памахала ёй рукой.

І – паверыць немагчыма –

Цела бліснула луской.

 

Потым ў хвалях знікла хутка.

А пад сонцам новы цуд:

Стала возера чысцюткім,

Неглыбока стала тут.

 

Зіна лахі ды пад пахі,

На дварэ пакуль відно,

Хоць у возеры ўсе жахі

Зніклі некуды на дно.

 

…Бабы з тых часін з імпэтам

Мыць сюды бялізну йдуць,

І таму азёрка гэта

Бабінец цяпаер завуць.

 

Осень

 

Кошкой рыжей, ласковой,

глянув мне в глаза,

Осень неожиданно

встретилась со мной

Там, где клён безропотно

голосует “за”

Каждым жёлтым листиком

за земной покой.

На закате тучи нам

обещают дождь,

Завтра он захнычет вновь

что-то невсерьёз,

От прохлады слякотной

пробирает дрожь,

Осень мне мурлыкает

под сонату звёзд.

 

Мой край

 

Край мой палачанскі –

Лес здалёку сіні,

Манастыр у Спаскім

З імем Еўфрасінні.

 

Б’юць званы шырока –

Тут зямля святая –

Нават за аблокі

Звон іх далятае.

 

Беражком прайсціся –

Сонца слепіць вочы.

Адкрываць зямелька

Таямніц не хоча.

 

Край мой маляўнічы –

Бэзавы прытулак.

Кружаць-таньчаць зоркі

Ў скрыжаванні вулак.

 

Край мой салаўіны

Кветкамі прыгожы.

Хто яго палюбіць,

Разлюбіць не зможа.

 

 

Мае Грамы

 

Аазіс таямнічых сіл,

Раён, які не надта ў модзе,

Мяне гасцінна запрасіў,

Хоць я жыву тут паўстагоддзя.

 

Грамы – як подых навальніц,

Імя – ад капішч Перуновых,

Як водгук знічаў-таямніц

На ўскрайку возера Валова.

 

Пярун з Маланкай удваіх,

Як толькі надыходзіць лета,

Балююць тут… Чаму для іх

Куточак прыцягальны гэты?

 

Раён міжволі ўсё шырэй

Сабой цікавіцца прымусіў,

І ў сэрцы пыхнула шчырэй

Любоў да роднай Беларусі.

 

 

Усмешка

 

Сонца ззяла птушкай залатою,

Бо яму куточак падабаўся,

Дзе паміж Дзвіной і Палатою

Сінявокі Полацк усміхаўся.

 

А усмешка шчырасцю свяціла,

Аздабляла навакольны ранак,

Трапятала, лашчыла, дзівіла,

Чаравала вочы палачанак.

 

 

Фантазия

 

В галактике Громы,

              в созвездии Гвардеец

Блестят в карьерах

              звёздочки-ромашки.

Я в полнолуние

              здесь встретила монашку.

 

В одеждах тёмных,

              но с пресветлым ликом,

Она была

              загадочно-красива…

И я,

              застыв в смятении великом,

Подумала:

              «Неужто Евфросинья?»

 

Рукой прижаты

              к сердцу книги,

На шее крест,

              исполненный искусно,

Звенели под одеждою

              вериги,

Что укрощают

              страсти-чувства….

 

Ах, к сожаленью,

              всё мне показалось…

Берёзка тонкая

              лишь на ветру качалась

В галактике Громы,

              в созвездии Гвардеец.

 

 

 

 

 

 

Ты

 

Ты – нота яркая

                   в симфонии симпатий,

Ты, словно омут,

                   манишь глубиной,

Ты – отблеск молнии,

                   сверкающей некстати,

Ты – талисман удачи,

                   но… не мой.

 

 

Предвесеннее

 

То ли было, то ли показалось:

                   Мне синица пела о весне,

На морозе солнце улыбалось

                   И снежинки сыпало на снег.

 

Через пару дней снежок растаял,

                   И мороз (ура!) сошёл на «нет»,

И на яблоне воронья стая

                   От весны мне принесла привет.

 

Только стынет яблонька в печали –

                   Не бывает вёсен в феврале.

А зима украдкою ночами

                   Дарит шубку белую земле.

 

 

Смех дзяўчынкі

 

Побач з лесам ўся лагчынка

У рамонкі ўбралася.

Па сцяжынцы йшла дзяўчынка,

Весела смяялася:

 

«Ой, рамоначкі-рамонкі,

Пацалунак сонейка…»

Смех дзяўчынкі чысты, звонкі

Падхапілі конікі.

Заігралі, заспявалі

Мілагучна скрыпачкі,

Аж ліса на вушы стала,

А мядзведзь – на дыбачкі.

 

Як пайшлі ваўкі у скокі –

Сонейка здзівілася.

Навіну няслі сарокі,

Ды яна згубілася.

 

Рагатала жаба ў лужы,

Паламала сківіцы.

А хто ў гумары не дужы –

Той панура хіліцца.

 

І рамоначкі-рамонкі

Шчыра усміхаюцца.

Над шчасліваю старонкай

Мякка ззяе раніца.

 

Лугавінаю шырокай,

Над сцяжынкай-стужачкай,

Смех дзяўчынкі сінявокай

Узлятае птушачкай.

 

 

Пакінутая хата

 

Хіліцца да хаты

Яблынька-красуня,

Ураджай багаты

Некаму збіраць.

Хату-сіраціну

Гаспадар пакінуў,

З’ехаў на чужыну

Шчасцейка шукаць.

 

А яна гаротна

То у сцюжу стыне,

То сівыя сцены

Косы дождж сячэ:

Год-другі працягне

Хата – і загіне,

А ёй быць ў даглядзе

Хочацца яшчэ.

 

Тут зімой завея

Ў коміне скугоча –

Вытрымаць як можна

Гэткае далей?..

Хоць бы на хвілінку

Гаспадар заскочыў,

І жыццё здалося б

Значна весялей.

 

Вецер, як шалёны,

Стукне аканіцай,

Цішыня насуне,

Множыцца нуда…

Гаспадар нядбайны,

Табе добра спіцца?

Над тваёй хацінай

Лётае бяда.

 

Тут тваё маленства

Птушкай шчабятала,

Яблыкі у садзе

Смачнымі былі.

Можа, ў сэрцы памяць

Не зусім прапала,

Хочацца прыехаць,

Ды няма калі?

 

Маці тут і тата

Пахаваны блізка,

Могілкі ў лістоце –

Трэба б іх прыбраць.

Гаспадар шаноўны,

Тут твая калыска,

Пра сваю радзіму

Нельга забываць.

 

 

Палата

 

1

 

Дзе ледзь шапоча леташні трыснёг,

Дзе хваля лотаць жоўтую люляе,

Дзе ветрык па-над берагам гуляе,

Мой шлях у фарбах ранішніх пралёг.

 

Да Полацка імклівай Палатой

Плыве мой човен быццам праз стагоддзі,

Легенды, сказы ў дзіўным карагодзе

Ахопліваюць думкі чарадой.

 

Здавён-даўна у неспакойны час

Зямелька тут зашмат крывёй паліта.

Адкуль ні браўся вораг прагавіты,

Знаходзіў ён пагібель кожны раз.

 

Паданне засталося з той пары,

Што недзе блізка ў гэтых вось мясцінах

Чужынцы, стрэчаныя негасцінна,

Вялікі скарб схавалі на гары.

 

Была ў іх мара: каб застацца жыць,

Забраць нарабаванае – і годзе…

Гады міналі, потым і стагоддзі,

А скарб той некрануты ўсё ляжыць.

 

Ці іх забілі, ці ўзялі ў палон

І потым справядліва пакаралі…

Пра скарб той чуткі палатоўскай хваляй

Да нас данесліся ад тых далёкіх дзён.

 

Крывыя сцежкі скнар сюды вядуць

Спакон вякоў – на гэтыя узгоркі,

Каб адшукаць тут скарб... Канчатак горкі:

Чужыя грошы шчасця не даюць.

 

Тым больш натрапіць можна незнарок

На волата заклятую магілу,

Якая тут, па чутках, ёсць на схіле:

Валун на ёй, як вечнасці парог.

 

А што памерлых нельга турбаваць,

Малойчыкі аднойчы паспыталі,

Калі магілу гэту раскапалі

З надзеяй скарб каштоўны адшукаць.

 

Счарнелі хмары, гром загрукацеў –

Паўстаў той волат, мусіць, на паўнеба,

І рыкнуў голас: «Што вам, подлым, трэба?..»

Ад гэткай з’явы кожны б звар’яцеў.

 

Пабеглі хлопцы борздка хто куды…

Магіла засталася некранутай.

Ідуць стагоддзі. Сквапнасці атрута

Ахвотнікаў прыводзіць зноў сюды.

 

2

 

Мільгнуць за паваротам берагі,

Дзе пах травы і водар сырадою,

Бухматыя чаромхі над вадою

Шаўковыя запнулі мурагі.

 

Плыве мой човен. Плешча Палата

І мне гаворыць аб маёй краіне.

Шчымлівы звон ад Спаса-Еўфрасінні

Сівою даўніною прывітаў.

 

Цудоўны гэты звон злучыў вякі:

Здаецца, не манашка маладая,

А прападобная – сама, жывая,

Ідзе хадою лёгкай да ракі.

 

І ласкай Божай квеціцца зямля,

І дрэвы-волаты вакол паўсталі,

Гульня праменьчыкаў у срэбных хвалях –

Плыве у часе човен спакваля.

 

3

 

А Палата – цікаўная яна –

Крутнула зноў туды-сюды рашуча…

Вось могілкі у цішыні гаючай –

Завуць іх Касаверыя здаўна.

 

Святы Ксаверый! Храм яго імя

Тут на гары прыгожа узвышаўся,

Пакуль Іван Жахлівы не дабраўся,

А з ім прыйшла крывавая вайна.

 

Іван Жахлівы, люты душагуб,

Чаму так Полацк быў табе не любы?

Жадаў ты палачанам толькі згубы –

Паўсюль тут кроў, й на гэтым вось рагу…

 

Ты быў садыст, забойца, проста псіх,

І нават ля Валовай азярыны

Быў чутны роў твой нелюдскі, звярыны,

Што жудасцю ахопліваў усіх.

 

Разграбіўшы і знішчыўшы ушчэнт

Былую веліч Полацкай зямліцы,

Жадаў крыві ты палачан напіцца.

Ці бачыў свет такога дзе яшчэ?..

 

4

 

Ізноў мой човен сунецца наўпрост,

Далей, далей у часе і прасторы,

Хоць шлях тут з перашкодай некаторай:

Наперадзе плаціна, нізкі мост.

 

Бо недалёка быў драўляны млын,

А млынаром тут нехта быў Дабранаў,

Што да цямна рабіў, прыходзіў рана –

Пакінуў людзям добры успамін.

 

А здарыўся з ім выпадак такі:

Ў апошнюю вайну, дзе слёз было даволі,

Схаваў турбіну ён, каб толькі не змалолі

Тут ворагі ні жменечкі мукі.

 

Ды дрэнны чалавек пабег, данёс –

Дабранава фашысты расстралялі,

І толькі пырскі палатоўскай хвалі

З ім развіталіся ля дзвюх бяроз.

 

5

 

І зноў наперад… Мост. І тут вайна

Паўстала у паданнях, як жывая,

Калі французаў легкадумных зграя

На Русь напала. Ў тым чыя віна?

 

Прыйшоў Напалеон да нас здалёк.

Чаго яму ў Парыжы не хапала?

Пакаштаваць, напэўна, марыў сала…

Пакаштаваў – ледзь ногі увалок.

 

На мосце бой грымеў і ваяры –

Французы, рускія – палеглі грудай.

Вада чырвонай стала, быццам цудам,

І мост завуць Чырвоным з той пары.

 

Вось вал Жахлівага Івана. Ён

Аберагаў калісьці Ніжні замак,

Бо неспакойны гэты быў напрамак.

Цяпер заместа замка – стадыён.

 

6

 

Далей, далей. Ужо Дзвіну відаць.

Апошні штрых – канец і падарожжу.

Напрыканцы аддацца марам можна –

Вакол Сафіі замкі прыгадаць.

 

Было іх шмат, як восенню грыбоў:

Свой воблік, стыль, нікім не пазычаны.

Абрысы знакамітых палачанак

Мільгнуць на момант і знікаюць зноў.

 

Ці то Прадслава, шчэ дзіця, сама

Ў Сафійцы паглыбляе прагна веды.

Ці прыгажуня ходзіць тут Рагнеда,

Чакае з Кіева сватоў дарма.

 

Сафіі храм… Які узнёслы ён!

Паверыць цяжка: быў ён узарваны –

Да уніятаў злосцю апантаны

«Аддзячыў» цар маскоўскі за прыём.

 

Мой човен трапіў ў ціхую Дзвіну.

Да Балтыкі – наступны мой напрамак.

Адквеціўся даўно вясновы ранак,

Цудоўны дзень зямельку агарнуў.

 

І на мяне сыходзіць мілата –

Гісторыі старонкі прад вачыма…

Красуй ў паданнях і ў жыцці, Айчына!

Да пабачэння, рэчка Палата!

 

 

Былі-небыліцы Полацкай зямліцы

 

Залатая карэта

 

1

 

У свеце шмат чаго бывае,

Толькі болей – баецца.

Казка праўду паганяе,

Праўда упіраецца.

 

2

 

Як гарэзлівыя дзеці,

Ехалі, смяяліся –

Пан і пані у карэце,

З боку ў бок матляліся:

А была карэта тая

Добра пазалочана,

Хоць была не залатая –

Грошай шмат заплочана.

Везлі рэчы дарагія,

Што іх сэрцы цешылі…

Звонку слугі неблагія

Коней ўсё прыспешвалі.

Вось ужо і замак бачны

Праз галлё зялёнае,

Ды раптоўна – брэх сабачы,

Выкрыкі шалёныя.

Гэта ж нелюдзі якія

Рабаваць надумалі?

Ёсць на свеце і такія –

Ў дзверцы стрэльбы сунулі…

І ад гвалту, страляніны

Коні напужаліся –

Напралом без каляіны

Прочкі паімчаліся.

Ўправа, ў лес і да азёрка –

Вырубкі праскочылі,

Ад тычкоў карэта толькі

Вокнамі варочала.

Нацярпеўшыся тут болю,

Выпалі шаноўныя,

Пазапэцкалі даволі

Вопратку шыкоўную.

 

3

 

Так паны з нагоды гэтай

Ў лесе апынуліся,

Коні ж з золатам, карэтай

Ў хвалях захлынуліся.

Як карэту ні шукалі,

Ды ні з чым вярталіся,

І паны паўнюткі жалю –

Скарб не дачакаліся.

Азярыну асушалі,

Ды вада вярталася –

Мо карэта сінім хвалям

Вельмі спадабалася.

І ляжыць скарб нечапаны,

Хоць дастаць ўсім хочацца,

Каля вёсачкі Замшаны

Ў водах Самарочынскіх*.

 

 

Русалкі

 

Хлопец тут калісьці жыў,

Жыў сабе і не тужыў,

Ды не мог ён здзейсніць мару –

Дзеўку падабраць да пары.

Бачыў Якаў-асталоп

Ў кожнай дзеўцы недахоп:

Гэта надта ўжо малая,

Тая дужа ўжо худая…

Пераборлівасць таму

Бокам вылезла яму.

Неяк панначку убачыў

І падумаў: «Вось удача!»

Хлопец ў тым не сумняваўся,

Бо па вушы закахаўся.

Кветкі слаў ёй кожны дзень –

Насмяшыў таму людзей:

Ружы пекную Ганулю

Да яго не павярнулі.

Абыяк прымала іх –

Быў у Ганначкі жаніх…

Не дабіўшыся дзяўчыны,

Хлопец збег да азярыны,

Крыўдзе, злосці волю даў –

Слёз сваіх не шкадаваў.

А русалкі: «Годзе, Якаў, –

Бела возера наплакаў,

У люстэрка вод глядзі

І да нас хутчэй ідзі!»

Якаў думаў: «Ах, вадзіца,

Можа, ў ёй мне утапіцца?»

Тут русалкі – з іх што ўзяць,

Ім жа толькі б рагатаць –

Хлопца лоўка ад Ганулі

Прама ў хвалі пацягнулі.

Возера Белае, Азінскі сельсавет

 

 

Слёзы каваля

 

1

 

Над гарой-гарышчай

Толькі вецер свішча.

Звер тут ноччу ходзіць,

А зямля не родзіць:

Не стае карысці,

Як было калісьці, –

Лес шумеў сасновы

Весела і нова;

Хаты выглядалі,

Побач што паўсталі.

Там каваль Мікіта

Ладна жыў з Улітай.

Быў на ўсё ён здатны,

Татачка выдатны.

Ў кавалёвай хаце

Падрастала шчасце:

Волечка-дачушка

Тут вясёлай птушкай

З ранку шчабятала,

Котку казытала.

Тата любу дзетку

Песціў, нібы кветку.

Словам непрыгожым

Сэрца не трывожыў.

Ўлетку ён дачушку

На арэлях гушкаў,

А зімовым ранкам

Скрозь катаў на санках.

І вось так памалу

Волечка ўзрастала.

2

 

Дваццаць ёй гадочкаў

Ўжо было, як ноччу

На гару увесну

Цыганоў прынесла.

Табарам пасталі,

Вогнішчы расклалі.

Іскры – аж да зорак,

Песень звонкіх – мора,

Коней ладных ржанне

І маністаў ззянне.

Перабор гітарны

Вабіў ўсіх да рання.

Маладым цікава –

Беглі ў табар жвава.

Волечка – між іншых:

Вочкі – быццам вішні,

Шчокі – мак чырвоны.

Струнаў перазвоны

Вольгу чаравалі,

Да нябёсаў звалі,

Сэрца абудзілі

І запаланілі.

…Моладзь йшла дадому

Весела, вядома:

Песні ды прыпеўкі…

Што за гора ў дзеўкі:

Вольга сумавала,

Песень не спявала,

І на твары хмарка,

Йшла хадой няшпаркай –

З выпадку якога?

Словы маладога

Цыгана запалі:

«Пойдзем, любка-краля,

Назаўжды са мною,

Жонкай будзь маёю». –

І вачэй агністых

Позірк прамяністы.

Дзеўка йдзе, трапеча,

Ў думках – стан хлапечы…

 

3

 

…Коціць ранкам росным

Чутка адгалоскам,

Коціць нібы хваля:

«Волечка прапала!»

Адшукаць дачушку,

Вольную, як птушка,

Бацька, ўзяўшы хабар,

Кінуўся у табар.

А таго – ні следу.

І ніхто не ведаў,

З Волечкай што стала…

Выплакаў нямала

Слёз каваль Мікіта –

Ўся гара паліта…

Лес ушчэнт тут звёўся,

Дзіўны звер завёўся:

Нібы у адчаі

Вые ён начамі –

Быццам нешта просіць,

Вые, як галосіць.

А яму да пары

Над пустым абшарам

Над гарой-гарышчай

Вецер ліха свішча.

Цыганская гара, Бабыніцкі сельсавет

 

 

 

Карона князя

 

Колісь тут стаяла ў вёсцы

Хатка з гваздзікамі,

І Алёнка-прыгажуня

Ў ёй жыла з бацькамі.

Шчыра цешыліся людзі

Ветлівай асобай,

Ды было старой Адэлі

Ўсё не да спадобы.

Як сустрэнецца з дзяўчынай,

Засіпіць скрозь зубы,

Злосна блісне ёй вачыма,

Бы жадае згубы.

Нездарма яе вядзьмаркай

Ў вёсцы ўсе лічылі–

І ні разачку у госці

Нат не запрасілі.

Ды Алёнка не звяртала

Ўвагі на вар’ятку,

А, сустрэўшыся, вітала, –

Быцам ўсё ў парадку.

Пры сустрэчы з ёй Адэля

Неяк прашаптала:

«Князю – добрая нявеста,

І чакаці мала…»

Вось аднойчы летнім ранкам

Узяла дзяўчына

Ікош у рукі ‑‑ тры сяброўкі

Рушылі ў лагчыну.

Праз лужок у лес сасновы

Іх вяла сцяжынка.

Дзве сяброўкі у Алёнкі –

Ганна ды Ірынка.

Раптам птушка чорным ценем

Неба засланіла,

Хрыплым голасам знаёмым

Штосьці гаманіла…

Стала жудасна дзяўчатам

Толькі на хвілінку…

На любімую палянку

Прывяла сцяжынка.

Тут грыбоў, касой не скосіш,–

Кошыкі набралі.

«Трэба ў возеры скупацца»,–

Дзеўкі заспяшалі.

Гэта возера, як прорва, –

Дна дастаць не можна:

Каля берагу купайся,

Толькі асцярожна.

Накупаліся даволі –

Трэба і дадому.

Раптам вецер завіхурыў –

Дрэвы гне да долу.

Птушка чорная аднекуль

Зноўку прыляцела:

Сэрца – ў пяткі у дзяўчатак,

Дрыжыкі – у целе.

– Тая самая, пабачце,

Села на дубочак.

– Адзявацца зараз трэба,

Не мазоліць вочы.

Нахілілася Алёнка

Над сваёй адзежай

І адскочыла: вялізны

Вуж скруціўся лежма.

А на ім карона ззяла,

Быццам тое люстра.

Зашыпеў вуж нечакана,

Запытаў па-людску:

– Пойдзеш замуж за мяне ты,

То аддам адзенне?

– Так, пайду, – шапнула дзеўка.

– Ну, чакай ў нядзелю.

Вуж хвастом на развітанне

Ляснуў ганарліва.

І заплюшчыла Алёнка

Вочы з тога дзіва.

Птушка ў неба паляцела,

Крыламі шугала,

Ну а вецер ашалелы

Дрэў зламаў нямала.

А як вочы зноў адкрыла

Матчына дачушка, –

Стала ўсё навокал мірна:

Ні вужа, ні птушкі.

– Што нам, дзеванькі, было тут?

– Чары, ну вядома…

Падхапіліся на ногі

І хутчэй дадому.

Стала ціхай і маўклівай

Гожая дзяўчына:

«За вужа ісці мне замуж –

Гэта немагчыма.

Я са страху абяцала –

Можа, ўсё здалося?

Можа, проста тая з’ява

Чараў адгалоссе?»

…Неяк раніцай ў нядзелю

Выйшла ў двор Алёнка,

Каб вады набраць вядзерца

І паліць рамонкі,

Бо Алёнка іх любіла –

Шмат ц

Сделать бесплатный сайт с uCoz