Народнае літаратурнае аб'яднанне “Наддзвінне”

сардэчна вітае Вас!

MENU

Валянціна Віктараўна Сопікава (Танюкевіч) нарадзілася 14 сакавіка 1952 г. у в. Саланевічы Полацкага раёна Віцебскай вобласці, гадавалася ў суседняй вёсцы Паддуб’е. Сярэднюю школу закончыла ў Полацку, а ў 1973 г – Мінскі педінстытут імя Горкага (зараз БДПУ імя Максіма Танка). Па накіраванню працавала бібліёграфам у Гродзенскай абласной дзіцячай бібліятэцы. Пасля пераезду ў Наваполацк працавала ў Цэнтральнай біблітэцы імя У. Маякоўскага, у парткабінеце НПЗ. З 1981 г. працуе бібліёграфам у бібліятэцы імя Якуба Коласа. Некалькі год была няштатным экскурсаводам Полацкага экскурсбюро.

Выступала з літаратуразнаўчымі і публіцыстычнымі выданнямі ў мясцовай прэсе, ў рэспубліканскіх газетах і часопісах: “Літаратура і мастацтва”, “Культура”, “Краязнаўчая газета”, “Алеся”, “Бібліятэчны свет”, “Роднае слова” і інш. З гумарэскамі ўдзельнічала ў калектыўным зборніку “Со-бытие”. Падборка твораў краязнаўчай тэматыкі “Калыска беларушчыны“ была надрукавана ў зборніку “Публіцыстыка-2010”. Артыкул “Вайніслаў Савіч-Заблоцкі: вяртанне з нябыту” увайшоў у “Полацкі музейны штогоднік. 2011”. Займаецца складаннем тэматычных крыжаванак.

 

Свечачка

(кароткае апавяданне ў дыялогу)

 

–Божа ж, мой Божа! Ляжыць маладзенькая… Жыць бы ды жыць! Вайна скончалася.

–Стаяла, як свечачка. А ўсё з перапуду.

–Столькі перанеслі, столькі смерцяў, а тут… сэрца не трывае, шкада вельмі.

–І не гавары. Хай яна спрахне, гэта вайна!

–А Марыля ж крыжам ляжыць, не варушыцца. Нават, калі два сыны без вестак прапалі, а трэцяга забілі – трымалася. Як каменная стала, а трымалася.

–Матка ж, ведама. Жыць жа трэба было. Дачушак гадаваць. Во гэтую Верачку, Соню, а Волька дык зусім малая.

–Вунь вытыркваецца з-за печы і лыбіцца. Дзіця горкае, што б разумела! Гэта ж яе ратуючы перапужалася Вера. Немцы ішлі з сабакамі, а яны захінуліся ў кустах у яміну. Вера Вольку сваім целам прыкрыла. Страляніна, брэх… каб не налёт, сабакі парвалі б дзяўчатак. Злыя дужа.

–Што немцы, што сабакі! Лютавалі ў блакаду.

–Канец адчувалі. Яна, Вера, далікатная вельмі была і прыгожая. Ёй бу ў палацы якім жыць, а не тут, у самым пекле.

–У белай сукенцы ляжыць, як анёлак.Усю вайну берагла ўбор, збіралася да шлюбу. Цяпер – хрыстова нявеста. А была ж Васева. Як кахаліся!

–Цішэй вы! На хаўтурах…

–Ён жа на спатканне бег, каб на хвілінку ўбачыць. На яе вачах, лічы, схапілі… А потым іх у Будзькаўшчыне, увесь лагер, спалілі. Колькі смурод трымаўся… як крыху вецер узнімецца, паленым цягне.

–Вера ад гэтага прытомнасць траціла.

–А можа, каб Марыля ў партызаны яе адпусціла, абое б жывымі засталіся.

–Як жа пусціш – сыноў страціла. Баялася за дачку.

–А брэх сабачы, бывала, як пачуе, дрыжыць уся, Вольку хавае. Адыдзе ёй, а потым зноў… Так і стаяла.

–Я ж і кажу – “Свечачка”. Няхай ёй пухам зямелька будзе!

 

 

Янка Купала ў Полацку

 

Няма ў нас мясціны такой,

Дзе не б'ецца Купалава сэрца

М. Лужанін

Нядаўна ў нашай краіне шырока адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Самы актыўны ўдзел у святкаванні юбілеяў прымалі працаўнікі культурна-масавых устаноў і устаноў адукацыі. У шэраг мерапрыемстваў важна было ўключыць і краязнаўчы момант. Тым больш, што адзін з купалаўскіх адрасоў вядзе ў Полацк. Пра гэта матэрыялы дайджэста «Янка Купала ў Полацку», складзенага ў дапамогу бібліятэкарам, настаўнікам і ўсім тым, хто цікавіцца жыццём і творчасцю вялікага песняра, яго сувязямі з нашым краем.

Пры складанні дайджаста былі выкарыстаны дакументы, факты з летапісу жыцця і творчасці, урыўкі з твораў паэта, яго эпісталярнай спадчыны, матэрыялы з энцыклапедычнага даведніка «Янка Купала», літаратуразнаўчых кніг, артыкулы з часопісаў і газет, фотаматэрыялы з архіваў Полацкага дзяржаўнага краязнаўчага запаведніка і Музея гісторыі Полацкага педагагічнага каледжа.

 

Упершыню Янка Купала пабываў у Полацку, па ўспамінах пісьменніка С. Шуш­кевіча, у 1912 годзе праездам.

А з лета 1916 да лістапада 1917 года ён жыў і працаваў у Полацку. У канцы студзеня 1916 года Янка Луцэвіч быў прызваны ў армію. Ён служыў старшым рабочым дарожна-будаўнічага атрада Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Начальнікам атрада быў Даноўскі, вельмі строгі, але справядлівы чалавек. У дакументах Янкі Купалы гэтага часу запісана воінскае званне: «Ратнік 2-га разраду».

Летам 1916 года атрад быў пераведзены ў Полацк, працавалі паблізу Полацка ў Дрэтуні. Разам з Янкам Купалам тут працавалі Ясь Аўлачынскі, муж яго сястры Марыі і Юльян Раманоўскі – муж сястры Леакадзіі, якія паступілі ў атрад вольнанаёмнымі. Ясь Аўлачынскі працаваў загадчыкам гаспадаркі, а Юльян Раманоўскі – дзесятнікам. Будавалі шасэйныя дарогі на Брусы, Вілейку, Валожын.

У аўтабіяграфічным лісце, які Купала даслаў Льву Максімавічу Клейнбарту, рускаму савецкаму крытыку і публіцысту, першаму даследчыку яго творчасці, ён пісаў: «Летом 1916 г. из Минска перевели отряд в Полоцк Витебской губернии, куда я и приехал. Из Полоцка в 1917г. в дни Октябрьской революции я переехал в Смоленск». Аб гэтым ён таксама паведамляў у аўтабіяграфічных пісьмах да Івана Аляксеевіча Белавусава, рускага паэта-перакладчыка, актыўнага папулярызатара творчасці Купалы (ад 6.10.1918г.) і да Яўхіма Фёдаравіча Карскага, заснавальніка беларускай філалогіі (ад 4.10.1919г.). Вядома пісьмо Янкі Купалы да прафесара Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы, ураджэнца Полаччыны (нарадзіўся ў в. Будзькаўшчына Полацкага раёна, затым бацькі пераехалі ў фальварк Залессе, што знаходзіцца недалёка ад Ветрына). Ліст напісаны 26 верасня 1916 года ў Полацку. Наогул, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, выбітны дзеяч беларускай культуры, вучоны, мовазнавец, адыграў значную ролю ў жыцці і творчасці Янкі Купалы. Эпімах-Шыпіла спрыяў выданню першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка». Ён жа памылкова перайменаваў Янука Купалу ў Янку Купалу. Паэту імя прыйшлося даспадобы і ў дальнейшым ён стаў падпісваца толькі так. Прагнучы адукацыі, у снежні 1909 года Янка Купала, выкарыстаўшы прапановы прафесара, едзе ў Пецярбург вучыцца і спыняецца жыць больш як на тры гады ў кватэры Браніслава Ігнатавіча. З самага пачатку жыцця ў Пецярбургу паміж маладым паэтам і прафесарам склаліся сяброўскія адносіны, узаема-разуменне і ўзаемападтрымка. Аб гэтым сведчыць купалаўскі верш-прысвячэнне «Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з новым 1910 годам».

У тым годзе прафесар Эпімах-Шыпіла перажываў асабістую трагедыю. Вучоны ў сваім фальварку Залессе (Полаччына) пабудаваў дамок, у якім марыў стварыць беларускі музей і для якога ім было сабрана нямала экспанатаў па краязнаўстве і гісторыі Беларусі. Калі прыйшла вестка, што згарэла сядзіба на Полаччыне, прафесар быў няўцешны. Агонь не проста знішчыў дом, ў якім Эпімах-Шыпіла збіраўся правесці рэшту свайго жыцця. Згарэла бібліятэка, калекцыя рарытэтаў. Аднак прафесара не столькі засмучалі матэрыяльныя страты, як страшная сімволіка падзеі – згарэў першы адбудаваны беларускі музей. У доме бедавалі ўсе, не ведаючы, чым суцешыць прафесара. Гэта ўдалося Янку Купалу – праз надзеленае сугестыяй паэтычнае слова:

 

Не смуціся, панок, што няшчасце прыйшло,

Як прыўшло, так і пройдзе ад Вас…

Што ж рабіць, калі гэтак пляцецца жыццё,

Несучы нам цярпенне падчас.

 

Пра гэты верш прафесар потым напіша: «...Толькі Янка Купала вершам сваім, у якім ён выліў сваё спачуванне мне і стараўся суцешыць у маім горы, дасягнуў таго, што я супакоіўся і прыўшоў да сябе. Верш гэты… быццам жыватворны бальзам вылечыў пачынаўшую балець смутную душу».

У «Летапісе жыцця і творчасці», змешчаным у 9-м томе 2-й кнігі Поўнага збору твораў Янкі Купалы (Мн., 2003) запісана: «1917. Лета. Гасцяваў у фальварку Б. І. Эпімах-Шыпілы, прыязжаючы з Полацка».

Апошні раз яны сустрэліся ў ліпені 1933 года. Купала з жонкай прыехаў у Ленінград па запрашэнні кінастудыі “Савецкая Беларусь”, якая мела там сталую базу. Як сцісла паведамляюць радкі невялікага мемуарнага артыкула І. Барашкі, тады “не забыўся ён наведаць і свайго настаўніка і мецэната Б. І Эпімах-Шыпілу”.

У Пецярбургу Купала пазнаёміўся і з малодшым братам Браніслава Ігнатавіча – Уладзіславам Ігнатавічам, які быў арганізатарам пастаноўкі “Паўлінкі” беларускім навукова-літаратурным студэнцкім гуртком і сам выконваў ролю Пранціся Пустарэвіча. Купала быў на яго пахаванні, дзе над магілай прачытаў свой верш ”Светлай памяці Уладыслава Эпімах-Шыпілы”. Напісаў артыкул-некралог “Уладыслаў, сын Ігната Эпімах-Шыпілы”, у якім выказаў глыбокі смутак, падкрэсліў яго заслугі ў культурна-аветніцкай працы на карысць бацькаўшчыны.

У кватэры Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы разам з Купалам жыў і яго пляменнік Гагалінскі Антон Іванавіч, родам з хутара Залессе на Полаччыне. Ён удзельнічаў у масавых сцэнах у пецярбургскай пастаноўцы “Паўлінкі”. А ў бібліятэцы Маскоўскага ўніверсітэта захоўваецца экзэмпляр зборніка Купалы “Шляхам жыцця” з дарчым надпісам : “Даражэнькаму і міленькаму А. Гагалінскаму на добры ўспамін міла і браточна праведзеных у Піцеры чатырох год спольнага жыцця і спольных нягод. Ад гаротнага аўтара Янкі Купалы. Спб., 2/Х11-13г.”. Побач з надпісам радкі з верша “А ты, сіраціна …”(1-я страфа).

 

Трэба зазначыць, што Купала жыў у Полацку ў цяжкія гады першай сусветнай вайны, у перадрэвалюцыйны перыяд. Нялёгкае жыццё аблягчалася прыездамі сяброў. Так, у Полацку Купалу наведаў Жывапісцаў Сямён Канстанцінавіч, грамадскі дзеяч, мецэнат, ветэрынарны ўрач, у якога Купала гасцяваў каля месяца ў верасні 1915 г. у Арле. Дачцэ Жывапісцава Таццяне, тады 19-гадовай дзяўчыне, Янка Купала прысвяціў верш «Арліныя крыллі». Пра сустрэчу з Жывапісцавым у Полацку сведчыць фотаздымак, дзе сфатаграфаваны Янка Купала ў вайсковай форме, яго жонка Уладзіслава Францаўна Луцэвіч і Сямён Канстанцінавіч Жывапісцаў.

 

 

Па даручэнні Беларускага Камітэта дапамогі ахвярам вайны восенню 1917 года ў Полацк да Купалы прыязжала Паўліна Мядзёлка, настаўніца, дзеячка беларускага адраджэнчаскага руху, удзельніца Беларускага музычнага гуртка ў Вільні, першая выканаўца ролі Паўлінкі ў п'есе Купалы «Паўлінка». Ці былі адносіны паміж геніем нашай паэзіі Янкам Купалам і Паўлінай Мядзёлкай толькі сяброўскімі? На гэты конт купалазнаўцы маюць меркаванне, што было каханне. Такі вывад яны робяць на аснове ўспамінаў П. Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця» (1974), а таксама дадаткаў да іх, апублікаваных у часопісе «Полымя» (№№ 2-5 за 1993). Для Янкі Купалы гэта каханне, магчыма, было пакутнае, таму што Паўліна аддала перавагу іншаму. Янка Купала склаў своеасаблівы цыкл вершаў, прысвечаных Паўліне Мядзёлцы, куды ўвайшлі вершы: «Быў гэта толькі сумны сон…», «Сыйду…», «Ўвесь да дна…», «На вуліцы», «Таварыш мой», «Нашто?», «А яна…», «Пахаванне», «Ночцы». У асобных творах, напісаных у студзені-ліпені 1915г., адчувальны песімістычны настрой песняра, звязаны менавіта няпэўнасцямі ва узаемаадносінах з Паўлінай Мядзёлкай. Такая думка праходзіць у рамане Алега Лойкі «Як агонь, як вада».

А пра сустрэчу ў Полацку Паўліна Мядзёлка піша ў тых жа ўспамінах: «Як жа я здзівілася, калі ў яго кватэры пабачыла Уладку Станкевічанку! Аказваецца, яны… пажаніліся, а я і не ведала пра гэта». Далей пра Уладку яна піша: «Яна засталася такой жа, як была, толькі стала быццам спакайнейшай. Як і раней, заўсёды энергічная, рухавая і добрая гаспадыня». А вось пра Купалу у яе іншае ўражанне: «Янка неяк моцна змяніўся з таго часу, як апошні раз яго бачыла. Быў ён зграбнейшы, прыгажэйшы ў ваеннай форме земскага саюзу, дзе тады працаваў. Але стаў нейкі занадта сур'ёзны, маўклівы, пануры… Я нават і мала бачыла яго дома, хіба толькі за абедам. Заўсёды нечым заклапочаны выбягаў з хаты». А клапаціцца было аб чым: набліжаліся трывожныя падзеі ў свеце, а ў Полацк ўжо каторы дзень не даходзілі газеты.

Ёсць меркаванне, што паэт як нікому давяраў Паўліне Мядзёлцы. Толькі гэтым можна вытлумачыць, што падчас сустрэчы ў Полацку Я. Купала перадаў ёй на захаванне некалькі сваіх вершаў: «Смейся», «Цару неба і зямлі» і інш., якія П. Мядзёлка вярнула яму ў 1920 годзе.

У 2012г. у газеце «Культура» (№1-3) пад назвай «Карона з кахання» надрукавана лірычная драма па матывах кнігі Паўліны Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця». Аўтар версіі сустрэч Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлкі – Анатоль Дзялендзік. Дзеянне адной такой сустрэчы адбываецца ў Полацку.

Наведала Янку Купалу ў Полацку і яго сястра - Леакадзія Дамінікаўна і жыла ў яго сям'і цэлы месяц.

У Полацку прайшлі першыя гады сямейнага жыцця Я. Купалы. З Уладзіславай Станкевіч яны пажаніліся ў канцы студзеня 1916 г. у Маскве, а ўжо праз паўгода жылі ў Полацку. Уладзіслава Францаўна потым прызнавалася сваёй сардэчнай сяброўцы Костцы Буйлянцы (паэтэсе Канстанцыі Буйла), якая наведвала іх у Полацку, як яны, сустрэўшыся ў Маскве з Янкам Купалам «раптам адчулі вялікую блізкасць адзін да аднаго…і як урэшце вырашылі пажаніцца». «Я ніколі аб гэтым не пашкадую, што так здарылася», – гаварыла яна сяброўцы. Канстанцыя Буйла тады таксама жыла ў Полацку і працавала загадчыцай беларускай кнігарні. Яна пакінула ўспаміны, дзе пісала: «Жылі яны дзесьці за горадам, у маленькім драўляным доміку, што стаяў у зацішку ў садзе». Пад назвай «Пра дні мінулыя» гэтыя запісы ўвайшлі ў зборнік успамінаў пра Янку Купалу «Такі ён быў». Янка Купала быў складальнікам і рэдактарам першага зборніка вершаў чатырнаццацігадовай Буйлянкі «Курганная кветка», яшчэ яны неаднаразова сустракаліся ў Вільні, у Маскве. Канстанцыя Буйла прысвяціла Янку Купалу шэраг вершаў: «Звон», «Купала», «Песняру», «Янка Купала», «О не, ты не памёр», «Душа паэта» і інш.

Другі раз Янка Купала прыязжаў у Полацк ужо пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1926 годзе разам са старшынёй Савета Народных Камісараў БССР Язэпам Аляксандравічам Адамовічам і народным камісарам асветы Антонам Васільевічам Баліцкім Янка Купала наведаў Полацк. Сустракўся з жыхарамі горада, прадстаўнікамі Чырвонай Арміі, настаўнікамі і моладдзю. Янка Купала знаходзіўся ў Полацку 10 – 13 мая 1926 года. 13 мая быў пастаўлены абразок па яго п'есе «На папасе». У гэты ж дзень газета «Чырвоная Полаччына» надрукавала « Ліст да палачан», дзе Купала выказаў сардэчную падзяку за цёплы прыём.

 

Ліст да палачан

Дарагі тав. рэдактар!

Не адкажыце надрукаваць гэты мой ліст у Вашай паважанай газеце «Чырвоная Полаччына».

У часе майго кароткага прабывання ў Полацку з прадстаунікамі вышэйшага Беларускага савецкага ўрада – Старшынёй Саўнаркома т. Адамовічам i Наркомам асветы т. Баліцкім – полацкае настаўніцтва i вучнёўства пасвяцілі адзін вечар (11 мая), прысвечаны майму прыезду ў Полацк.

Трудна мне выказаць словамі сваю шчырую ўдзячнасць i сардэчную падзяку за той мілы i гарачы i па-праўдзе братні прыём слаўных i вольных палачан i палачанак, які быў мне аказаны з боку ixнix арганізацый: Акругкома, Чырвонай Apмii, камсамола, «Маладня-ка», настауніцтва, вучнёўства. Я толью магу адно сказаць, што па звароце ў Мінск, сталіцу БССР, – мае самыя лепшыя думкі будуць аб пралетарскім чырвоным Полацку.

Пажадаю Вам, палачане i палачанкі, каб тая першая падумка Вашага славутага продка, ураджэнца г. Полацка, вялікага вучонага Ф. Скарыны, што для «люду паспалітага» трэба пісаць кнiгi на яго простай, зразумелай для яго мове, была заклікам да працы над эканамічным i нацыянальным адбудаваннем нашай многапакутнай Бацькаў-шчыны.

Хай заціхнуць званы сафійскія i iм падобныя манастырскія званы, якія званілі славу князям, царам i астрогам, а няхай звіняць у Вас вечна песні радасці i волі нязмернай i дакоцяцца гэтыя песні вызвалення аж туды – за пагранічныя слупы, дзе яшчэ Вашы браты i сёстры цягаюць ланцугі сацыяльнай i нацыянальнай няволі.

Пажадаю Вам, таварышы, дружна трымацца таго сцяга, які Вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя, а на варце i абароне якога стаіць праўдзівая бараць6iткa за вызваленне працоўнага люду ўсяго свету – Камуністычная  партыя.

Няхай у Вашых думках вечна жыве адно жаданне – гэта цвёрда i нязломна працаваць для эканамічнага i культурнага падняцця сваей Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.

“Памяць полацкага краязнаўца Івана Дэйніса захавае успамін пра яскравы Купалаў выступ перад настаўнікамі ў жаночай гімназіі”. – піша ў кнізе “Таямніцы Полацкай гісторыі” пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, таксама ўраджэнец Полацка.

Успамінаў Полацк Янка Купала ў запісцы Уладзіміру Іванавічу Пічэту, гісторыку, акадэміку АН СССР І АН БССР, з якім яны ўдзельнічалі разам у выязной сесіі АН БССР у Беластоку (12–14. 10. 1940). Праслухаўшы даклад Пічэты «Барацьба беларускага народа за сваё вызваленне», Купала даслаў яму запіску, якая сведчыць пра глыбокае веданне паэтам гісторыі Беларусі: «Владимир Иванович. В своём прекрасном докладе Вы не вспомнили о инквизиции в Белоруссии, которая свирепствовала в своё время в особенности в Полоцке…»

У артыкуле «Народ-мститель» Купала прыгадаў Полацк, які яшчэ ў 13 стагоддзі вёў пераможную барацьбу супраць нямецкіх рыцараў.

Варта таксама адзначыць і той факт, што тэма: «Янка Купала і Полаччына» звязана і з імем пачынальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Двойчы калектыў Першага беларускага таварыства драмы і камедыі Ігната Буйніцкага выступаў у Полацку, у 1910 і ў  1911 гадах. Асаблівым поспехам у першы прыезд трупы, па ўспамінах артыста тэатра Зыгмунта Абрамовіча, карыстаўся харал «А хто там ідзе» на вершы Янкі Купалы. Гэта быў адзін з самых удалых нумароў трупы на ўсіх выступленнях. У гэтым калектыве танцавала будучая жонка Янкі Купалы – Уладзіслава Станкевіч – Уладка Станкевічанка.

І ў наш час праследжваецца сувязь тэатральнага жыцця Полаччыны з імем Янкі Купалы. У рэпертуары Полацкага народнага тэатра пры гарадскім палацы культуры доўгі час была п'еса Янкі Купалы «Прымакі». Узорны юнацкі тэатр-студыя «Гармонія» быў у 1982 годзе лаўрэатам рэспублікага агляду-конкурсу, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа.

Што датычыцца ўвасаблення Полацка ў творах Купалы, то тут варта прыгадаць незакончаную паэму «Гарыслава». Я. Купала меў намер апісаць Полацкае княства, княжанне Рагвалода, захоп Полацка наўгародскім князем Уладзімірам Святаслававічам. У лісце да Эпімаха-Шыпілы ад 5 чэрвеня 1912 Я. Купала паведамляў пра свае планы: « Я, як перапішу (апрацую ) начыстую «Паўлінку» думаю напісаць паэмку «Рагнеда», гістарычную рэч з жыцця Полацкага княства. Захаваліся «Прадмова», 2 варыянты першага раздзела гэтай гісторыка-патрыятычнай паэмы і план. На падставе вывучэння аўтографаў паэма датуецца маем 1912 года.

Матэрыялы паэмы сведчаць пра масштабнасць задумы Купалы, драматычнасць канфліктаў, глыбокі філасофскі роздум аб справядлівасці чалавечых узаемаадносін. Эпічны характар задумы абумовілі былінна-рэчытатыўны памер верша, выкарыстанне аратарска-публіцыстычных і лірыка-філасофскіх элементаў ва ўрыўках паэмы, якія зберагліся. Яскравае ўяўленне пра гэта дае «Прадмова»:

 

Гэй, павейце, разгуляйцеся,

Ветры вольны, лёгкакрылыя,

Над старонкай над крывіцкаю

Зашуміце, неўгамонныя.

Паміж небам i зямліцаю

Вixpaм-птахам пранясіцеся,

Леты, даўна прамінуушыя

Уздымайце з чорна попелу.

Ускалыхніце сэрцам каменным,

Звонам-вечам ды ўсё полацкім –

Хай звон звонка разгамоніцца

Дый раскажа быль бывалую.

Быль бывалую пра доч Князеву,

Ту красавіцу ненаглядную,

Пра ту княжну пра свабодную,

Што Рагнедай называлася,

А пасля, што з гора горкага

Стала зваціся Гарыславаю,

А гардыняй недаступнаю

Кругом-вокала праславілась.

Пра яе вы, звоны вечавы,

Ветры буйныя, свабодныя,

Раскажыце свету цэламу

Быль бывалу ў землях Полацкіх.

 

Эмацыянальнасць, пачуццё трывогі за лёс радзімы надалі твору характар рамантычнай узнёсласці і манументальгасці. Адначасова ў паэме сустракаюцца літаратурна-кніжныя, рамантызаваныя вобразы і прыёмы. У час працы над творам паэт змяніў назву: пэўна, палічыў, што імя Гарыслава (так звалі Рагнеду і ў народзе) болей адпавядае як вобразу гераіні, так і яе лёсу.

Аўтограф ўрыўкаў «Гарыславы» і яе план даюць падставу меркаваць, што твор пісаўся ў духу класічных узораў лірычнага эпасу славянскіх літаратур (паэм Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча і іншых прагрэсіўных рамантыкаў).

Па матывах паэмы «Гарыслава» беларускі жывапісец Аляксей Марачкін стварыў карціну «Рагнеда».

 

Вольга Фёдараўна Нікановіч-Сахарава, педагог і пісьменніца, паводле матываў драматычнай паэмы Янкі Купалы «Сон на кургане» напісала п'есу – казачную феерыю

«На Полацкім замчышчы». У 1927 годзе ў Дзвінскай беларускай гімназіі па п'есе быў пастаўлены спектакль.

Пра прабыванне Янкі Купалы ў Полацку пісаў наваполацкі пісьменнік Міхась Барэйша. Полацкі кампазітар Мікалай Пятрэнка напісаў песню “Вуліца Янкі Купалы” на словы К. Кірэенкі, а маладая паэтка, супрацоўніца бібліятэкі імя Якуба Коласа, таксама навапалачанка, Ірына Бельская і паэт Алесь Замкоўскі з Полацка сталі пераможцамі конкурсу «Верш на юбілей», абвешчанага віцебскай філіяй Саюза беларускіх пісьменнікаў да 125-х угодкаў Янкі Купалы.

Увекавечанне імя вялікага беларускага пісьменніка на Полацкай зямлі пачалося з рашэння педсавета паказальнай школы пры Полацкім белпедтэхнікуме назваць школу імем Янкі Купалы. Пастанова педсавета была падтрымана ўрачыстым сходам студэнтаў і настаўнікаў полацкіх педагагічнага і ляснога тэхнікумаў. У адказ на просьбу даць згоду, каб школа насіла назву яго імені, Янка Купала напісаў у Наркамасветы: «Шчыра дзякуючы за ўвагу, якую мне аказала полацкае настаўніцтва і вучнёўства, надаючы маё імя школе, я проці гэтага нічога не маю, калі Наркамасветы на гэта згодзен». Пастановай Наркамата асветы БССР ад 21мая 1926 года Практыкавальна-паказальнай школе пры Полацкім беларускім педагагічным тэхнікуме было прысвоена імя Янкі Купалы. Памяшканне школы і педтэхнікума былі размешчаны ў будынку былой настаўніцкай семінарыі і праіснавалі да 1941 года. У Вялікую Айчынную вайну гэта памяшканне, як і ўся  вуліца, на якой яно знаходзілася, былі цалкам разбураны.

Узрадзіўся Полацкі педтэхнікум у новым будынку і зараз ён ператвораны ў Полацкі каледж установы адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава». Тут створаны музей гісторыі гэтай установы і, вядома, прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя Янку Купалу.

У 1996 годзе адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай памяці Янкі Купалы на станцыі Баравуха пад Полацкам.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Адкрывалі ўрачыстасць паэт, дырэктар Беларускага радыёвяшчання, ураджэнец Полацка Навум Гальпяровіч і пісьменнік Сяргей Панізнік.

 

У 20-я гады Нацыянальная бібліятэка Беларусі (у той час Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна) набыла частку асабістай бібліятэкі Янкі Купалы. Захавалася толькі 6 асобнікаў з уласнаручным подпісам паэта. Сярод іх: Сапунов А. “Древности Спасо-Ефросиньевского девичьего монастыря в Полоцке”. – Б.м., б.г. -23с. (отд. отт. Из «Полоцких епархиальных ведомостей», 1885, № 8-10.) і кніга: “Церемония встречи , проводов и следования Св. Мощей Преподобной Ефросинии, Княжны Полоцкой, по Витебской губернии с кратким путеводителем по гор. Полоцку, местом положения Св. Мощей” – Витебск: Губ. тип. 1910. 29с.

У Ветрынскай СШ арганізаваны музей Б. І. Эпімах-Шыпілы. Вялікі раздзел у яго экспазіцыі прысвечаны Янку Купалу, менавіта яго адносінам з Браніславам Ігнатавічам Эпімах-Шыпілам, прабыванню Купалы на Полацкай зямлі.

Адна з вуліц, два завулкі і гарадская бібліятэка горада Полацка названы імем Янкі Купалы. А рашэннем Наваполацкага выканаўчага камітэта № 183 ад 28 чэрвеня 1982 г. вуліца Піянерская ў Наваполацку была перайменавана ў вуліцу імя Янкі Купалы.

 

Купалінка

 

У светлы воблік Купалінка

Красу прыродную ўвабрала:

Моц сонца, кволасць ад былінкі –

Народным стала ідэалам.

 

Яна ў легендах і паданнях–

Імя цудоўнейшае ў свеце –

Блукае ў туманах да рання

І кветкай папараці свеціць.

 

 

Сделать бесплатный сайт с uCoz